У Грузіі за сэксуальныя дамаганьні ўвялі штрафы больш за $100

Ілюстрацыйнае фота

Парлямэнт Грузіі прыняў у трэцім і канчатковым чытаньні пакет паправак у Кодэкс адміністрацыйных правапарушэньняў і Працоўны кодэкс краіны, якія ўводзяць штрафы за сэксуальныя дамаганьні, піша Настоящее время.

Цяпер за гэтыя дзеяньні ў Грузіі пагражае штраф 300 лары (111 даляраў). Калі чалавек на працягу года ізноў зробіць падобнае правапарушэньне, яго аштрафуюць ужо на 500 лары (больш за 185 даляраў) або пакараюць папраўчымі працамі тэрмінам на год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Траціна супрацоўнікаў ААН заявіла пра сэксуальныя дамаганьні

Яшчэ больш строга будзе карацца сэксуальнае дамаганьне ў дачыненьні да непаўналетняй асобы, цяжарнай жанчыны ці зьдзейсьненае ў прысутнасьці дзяцей: за гэта пагражае штраф ад 500 да 800 лары (больш за 196 даляраў). За паўторнае такое ж правапарушэньне пагражае штраф ад 800 да 1 тысячы лары (больш за 370 даляраў) або арышт на тэрмін да 10 дзён.

Дамаганьне дэпутаты вызначылі як выкарыстаньне фразаў сэксуальнага характару, дэманстрацыю геніталій, а таксама «фізычныя паводзіны сэксуальнага характару».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Францыі за сэксуальныя дамаганьні на вуліцах уводзяць штраф да 750 эўра

Аналягічныя штрафы за сэксуальныя дамаганьні ўжо дзейнічаюць у Францыі: там за прыставаньне пагражае штраф да 750 эўра.

У грузінскай грамадзкай арганізацыі «Сапары», якая займаецца абаронай правоў грузінскіх жанчын, кажуць, што да гэтага часу ў большасьці выпадкаў ахвяры дамаганьняў аддавалі перавагу маўчаньню, асабліва калі дамаганьні зыходзілі ад працадаўцы, і зьвязвалі гэта з кансэрватыўнасьцю грузінскага грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад мяне патрабавалі сэксуальных паслуг». Упершыню ў Грузіі дзяўчына выйграла суд супраць працадаўцы

Сытуацыя пачала мяняцца ў 2016 годзе. Тады журналістка Тація Самхарадзе, якая працавала на адным з папулярных грузінскіх тэлеканалаў, публічна абвінаваціла ў дамаганьнях свайго працадаўцу, вядомага журналіста Шалву Рамішвілі, падала на яго ў суд і ўпершыню выйграла справу. Рамішвілі прысудзілі штраф 2 тысячы лары (прыкладна $ 750).

Сёньня ў грузінскіх судах разглядаюцца яшчэ некалькі падобных спраў, і новы закон можа дапамагчы ахвярам дамаганьняў іх выйграць.