БАЖ і незалежная прэса — на выставе «СМІ Беларусі», упершыню за 23 гады. ФОТА

У Менску ў цэнтры «БелЭкспа» адкрылася XXIII міжнародная спэцыялізаваная выстава «СМІ Беларусі».

У выставе ўдзельнічаюць больш за 50 суб’ектаў мэдыйнага поля Беларусі. У форуме ўпершыню бярэ ўдзел Беларуская асацыяцыя журналістаў і шэраг незалежных мэдыя.

На ўрачыстым адкрыцьці выставы прагучала толькі адно беларускае слова — «падмуркі». З вуснаў міністра інфармацыі, які выступаў па-расейску.

Міністар Карлюкевіч абяцаў пашырэньне беларускай мовы ў эфіры

Міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч і намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Жаўняк

СМІ трэба «больш канцэнтравацца на прасоўваньні пазытыўнага парадку дня. Не разбураць, а ствараць», — заявіў на адкрыцьці выставы міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч.

«Людзі, паверце, хочуць давяраць вам, а не сумніўным рэсурсам ці то жоўтых, ці то чорных адценьняў», — сказаў Карлюкевіч, маючы на ўвазе дзяржаўныя СМІ.

Прамаўляў міністар інфармацыі па-расейску, ужыўшы толькі адно беларускае слова «падмуркі». На пытаньне Свабоды, ці стане беларускай мовы больш на тэлеканалах, і ці будзе павышацца доля беларускага кантэнту на дзяржаўных каналах, Аляксандар Карлюкевіч адказаў:

«Вядома, будзе, згодна з заканадаўствам. І пра гэта мы сказалі — маецца на ўвазе і міністэрства, і парлямэнт, і прэзыдэнт, зацьвердзіўшы зьмены і дапаўненьні ў заканадаўства з 1 сьнежня 2018 году. І мы рухаемся да гэтага».

Аляксандар Карлюкевіч

На заўвагу карэспандэнткі Свабоды, што, мяркуючы па эфіры БТ, АНТ, дзе большая частка кантэнту — расейская, закон не выконваецца, і калі Свабода зьвярталася з пытаньнем у Мінінфарм, ці вядзецца маніторынг, колькі беларускага кантэнту ў праграмах тэлеканалаў, ёй адказалі, што не, Карлюкевіч адказаў, што гэта ня так.

«Вы памыляецеся, вядзецца маніторынг. Вы пачытайце ўважліва гэты закон, там ёсьць часавыя прамежкі. Я спадзяюся, усе будуць выконваць гэты закон».

Даведка. У пункце 1.9 закону «Аб СМІ» вызначаецца, што сродку масавай інфармацыі могуць адмовіць у дзяржаўнай рэгістрацыі, калі «аб’ём тэлеперадач, аўдыёвізуальных твораў, іншых паведамленьняў і (або) матэрыялаў беларускай (нацыянальнай) вытворчасьці ў штомесячным абʼёме вяшчаньня тэлевізійных сродкаў масавай інфармацыі складае менш за 30%», — рэдакцыя абавязаная забясьпечыць хаця б такую долю нацыянальнага кантэнту.

Бастунец: «У краіне існуе ня толькі дзяржаўная прэса, але і незалежная»

Беларуская асацыяцыя журналістаў упершыню за 23 гады правядзеньня выставы «СМІ Беларусі» бярэ ў ёй удзел. Грамадзкае аб’яданньне «БАЖ» прадстаўлена на стэндзе № 31.

Паўлюк Быкоўскі, Вадзім Мажэйка, Андрэй Бастунец, Аляксандар Старыкевіч на стэндзе БАЖу

На пытаньне Свабоды, чаму столькі гадоў арганізацыя, у якой аб’яднаныя журналісты незалежных СМІ, не прыходзіла на выстаўкі, старшыня БАЖ Андрэй Бастунец адказаў, што яны не маўчалі, ладзілі іншыя імпрэзы — выставу незалежнай прэсы Беларусі, выставу «Дзень закрытых газэт».

«Дарэчы, мы бралі актыўны ўдзел ў выставе „СМІ ў Беларусі“ ў 2011 годзе, калі закрываліся газэты „Народная Воля“ і „Наша Ніва“, і зладзілі арыгінальны флэш-моб.

А сёлета падумалі: а чаму б не паўдзельнічаць? Хоць гэта каштуе і нямалых грошай, мы вырашылі ўсё ж такі паказаць, што ў краіне існуе ня толькі дзяржаўная прэса, але і незалежная. На жаль, мы ня можам прадставіць выданьні на нашым стэндзе, бо, паводле ўмоваў, яны павінны заплаціць рэгістрацыйныя ўнёскі. Таму ў нас толькі „Народная воля“ прадстаўлена, бо мы зрабілі разам спэцвыпуск, прысьвечаны ў тым ліку прасоўваньню свабоды слова і дзейнасьці БАЖ. Калі сёлетні досьвед будзе ўдалы, можна будзе зрабіць сумесны стэнд аб незалежных рэгіянальных СМІ», — расказаў Андрэй Бастунец.

Праграма ўдзелу БАЖ у выставе насычаная: круглыя сталы, брыфінгі, сустрэчы з галоўнымі рэдактарамі незалежных мэдыя.

Фотарэпартаж з выставы

Міністар адукацыі Ігар Карпенка

Каля стэнда інфармагенцтва «Ваяр»

Генэральная дырэктарка дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА Ірына Акуловіч

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбольш закрытыя для мэдыяў — Апэратыўна-аналітычны цэнтар, МУС і КДБ