Кароль Тайлянду ажаніўся са сваёй целаахоўніцай

Кароль Тайлянду дорыць падарунак сваёй жонцы на вясельлі.

Кароль Тайлянду Маха Ўачыралонгкон (Рама X) ажаніўся з намесьніцай кіраўніка сваёй аховы, генэралам Сутхідай Тычай. Яна стала каралевай Тайлянду з тронным імем каралева Сутхіда.

Пра вясельле караля было абвешчана ў каралеўскай газэце Тайлянду, паведамляе агенцтва Reuters. Фрагмэнт вясельнай цырымоніі быў паказаны позна ўначы ў фрагмэнце каралеўскіх навін, якія трансьлююцца на ўсіх тэлеканалах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму брытанская манархія дэмакратызуецца, а беларуская ўлада манархізуецца

Былая стуардэса Тайскіх авіяліній Сутхіда Тычай была прызначаная ў ахову прынца Махі ў 2014 годзе. Праз два гады яна атрымала званьне генэрала, праз год стала намесьніцай кіраўніка асабістай аховы караля.

Каралеўскае вясельле адбылося незадоўга да каранацыі Махі Ўачыралонгкона. Яна прызначаная на 4-6 траўня.