Генпракурор ЗША дае паказаньні ў Кангрэсе наконт «расейскай справы». ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ

Генпракурор ЗША Ўільям Бар у цэнтры.

Генпракурор ЗША Ўільям Бар 1 і 2 траўня дае паказаньні ў Кангрэсе ЗША з нагоды так званага дакладу Мюлера — расьсьледаваньня сувязяў з Расеяй штабу і бліжэйшага атачэньня прэзыдэнта Дональда Трампа. Тэлеканал «Настаящее время» перадае выступ генпракурора і яго адказы на пытаньні ў жывым эфіры з сынхронным перакладам на расейскую мову.

Расьсьледаваньне два гады вёў спэцпракурор Робэрт Мюлер, яго вынікі былі прадстаўлены 24 сакавіка: Бар, які зьяўляецца непасрэдным кіраўніком Мюлера, дазволіў апублікаваць даклад Мюлера з 448 старонак. Але пры гэтым у дакумэнце былі замазаныя друкарскай фарбай кавалкі, якія тычацца бягучых расьсьледаваньняў, а таксама асабістай інфармацыі фігурантаў некалькіх справаў: засакрэчваць гэтую інфармацыю патрабуюць законы ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША: Расея ня спыніць спробы паўплываць на выбары і да 2050 году

Бар сьцьвярджае, што «іншых скарачэньняў дакладу не праводзілася». Але гэтыя словы не задавальняюць многіх членаў Кангрэсу, у асноўным прадстаўнікоў Дэмакратычнай партыі, якія цяпер маюць большасьць у Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу. У сувязі з гэтым яны маюць намер задаць пытаньні генпракурору пра тое, які ўплыў ён, будучы прызначэнцам Трампа, аказваў на тых, хто вёў «расейскае расьсьледаваньне» і пра тое, што менавіта было ў «цэнзураваных» кавалках дакладу.

Таксама, як чакаецца, дэмакраты выкажуць сумневы, што да высноваў дакладу Мюлера пра тое, што Трамп і яго найбліжэйшае асяродзьдзе не прымалі дапамогу ад Расеі ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта ЗША і не аказвалі ўплыву на хаду «расейскага расьсьледаваньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп адрэагаваў на даклад Мюлера аб расейскім умяшаньні ў амэрыканскія выбары

У той жа час рэспубліканцы ў Кангрэсе падтрымліваюць высновы дакладу Мюлера і лічаць, што ён даказвае невінаватасьць Трампа. Даклад ня ставіць пад сумнеў тое, што Расея і яе спэцслужбы спрабавалі ўмяшацца ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе як мінімум двума спосабамі:

  • расейскія спэцслужбы курыравалі ўзлом сэрвэраў Нацыянальнага дэмакратычнага камітэту, выканаўчага органа Дэмакратычнай партыі ЗША і распаўсюдзілі выкрадзеную з гэтых сэрвэраў перапіску кіраўніцтва партыі, у тым ліку лісты кандыдаткі Гілары Клінтан,
  • Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў (яго зьвязваюць зь блізкім да Крамля бізнэсмэнам Яўгенам Прыгожыным) у сваю чаргу вяло кампаніі ў амэрыканскіх сацсетках супраць Дэмакратычнай партыі, спрабуючы паўплываць на меркаваньне амэрыканскіх выбаршчыкаў.

Аднак сьледчыя не знайшлі, што хто-небудзь са штабу Трампа ці іншых грамадзянаў ЗША якім-небудзь чынам кантактаваў з расейскімі спэцслужбамі ці Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў або атрымліваў ад іх кампрамат або дапамогу ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта ці быў датычны да ўзлому сэрвэру партыі, падкрэсьліваюць аўтары дакладу.

1 траўня Бар дасьць паказаньні Камітэту па юрыдычных пытаньнях Сэнату ЗША, а 2 траўня паводле пляну павінен выступіць перад членамі Палаты прадстаўнікоў. Аднак яго выступ 2 траўня пакуль яшчэ пад пытаньнем. Сам Бар раней заяўляў, што ня хоча выступаць у Палаце прадстаўнікоў. У адказ некалькі кангрэсмэнаў, у асноўным прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі, заяўлялі пра тое, што могуць выклікаць яго даваць паказаньні позвай (Кангрэс ЗША мае права гэта рабіць).