Супраць міністра ў Эстоніі адкрылі крымінальную справу за хатні гвалт — СМІ

Марці Куузік

Крымінальную справу паводле артыкулу аб хатнім гвалце распачалі ў Эстоніі ў дачыненьні да міністра інфармацыйных тэхналёгій і зьнешняга гандлю Марці Куузіка, паведамляе выданьне Delfi.

Напярэдадні члены новага ўраду Эстоніі прымалі прысягу, падчас якой прэзыдэнт Эстоніі Керсьці Кальюлайд выйшла з залі акурат падчас прысягі Куузіка. Гэта адбылося пасьля таго, як дзьве эстонскія газэты Eesti Ekspress і Eesti Päevaleht 29 красавіка апублікавалі артыкулы пра тое, што Куузік можа быць датычны да зьбіцьця ўласнай жонкі на працягу некалькіх гадоў і аказаньня на яе псыхалягічнага ціску.

Прэзыдэнт Кальюлайд заявіла, што ня можа знаходзіцца ў залі побач з чалавекам, якога падазраюць у такіх дзеяньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Эстоніі заклікала саюзьнікаў згуртавацца перад абліччам расейскай пагрозы

На момант прыняцьця прысягі Куузіку афіцыйнага абвінавачваньня ў хатнім гвалце не было вылучана, а сам ён адмаўляў, што біў цяпер ужо былую жонку. Куузік назваў сытуацыю інфармацыйнай кампаніяй супраць яго.

Напярэдадні кіраўнік МУС Эстоніі і аднапартыец Куузіка Март Хэльме заявіў, што экс-жонка міністра адпрэчыла зьбіцьцё. Сама жанчына ў электронным лісьце журналістам паведаміла, што сілы ў дачыненьні да яе Куузік не ўжываў, а пераломы рук, пра якія пісала прэса, былі няшчаснымі выпадкамі.