Цэнтральная выбарчая камісія Казахстану назвала канчатковую колькасьць прэтэндэнтаў стаць кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта краіны на пазачарговых прэзыдэнцкіх выбарах, прызначаных на 9 чэрвеня.
Пасьля таго, як раней 29 красавіка адзін з прэтэндэнтаў зьняў сваю кандыдатуру, іх засталося восем. Тэрмін вылучэньня прэтэндэнтаў скончыўся 28 красавіка.
Цяпер да 11 траўня ў ЦВК будзе доўжыцца працэс рэгістрацыі кандыдатаў; магчыма, хтосьці з прэтэндэнтаў ня будзе зарэгістраваны.
Як чакаецца, ніводзін з вылучэнцаў не складзе сур’ёзнай процівагі дзейнаму прэзыдэнту Касым-Жамарт Такаеву, які пайшоў і на новыя выбары як вылучэнец кіраўнічай партыі «Нур Атан» («Сьвятло Айчыны»). Усе астатнія прэтэндэнты — пераважна малавядомыя дзеячы, якіх вылучылі праўладныя партыі і грамадзкія арганізацыі (самавылучэньня ў Казахстане няма).
Адзіная зарэгістраваная партыя, якая называе сябе апазыцыйнай да ўлады, Агульнанацыянальная сацыял-дэмакратычная партыя, абвясьціла пра байкот гэтых выбараў. Партыя заявіла, што іншыя вылучэнцы — «марыянэткі», якія павінны дапамагчы абраньню Такаева, і вылучэньне свайго прэтэндэнта пры такіх умовах пашкодзіла б рэпутацыі партыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назарбаеў заявіў, што 3 гады рыхтаваўся да адстаўкіПапярэдні прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў, які нязьменна кіраваў Казахстанам амаль 30 гадоў, сышоў у адстаўку 19 сакавіка. Таму Касым-Жамарт Такаеў, на той час старшыня Сэнату, верхняй палаты парлямэнту Казахстану, згодна з Канстытуцыяй краіны, стаў новым прэзыдэнтам аўтаматычна — на тэрмін, які заставаўся да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Але ўжо 9 красавіка ён абвясьціў пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары на 9 чэрвеня — амаль на год раней за плянаваны тэрмін.
Як мяркуюць, гэты крок меў на мэце скараціць пэрыяд палітычнага пераходу ўлады і паменшыць небясьпеку нестабільнасьці пасьля адстаўкі Назарбаева. Былы кіраўнік краіны пакінуў за сабой старшынства ў партыі «Нур Атан», як і пасаду кіраўніка Рады бясьпекі краіны, і ганаровы тытул «лідэра нацыі»(«елбасы»), і адмысловы статус «першага прэзыдэнта Казахстану» з шэрагам прывілеяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстанскі транзыт улады: высновы для Беларусі