Нямецкая Свабодная дэмакратычная партыя вылучыла новыя ініцыятывы, закліканыя, на думку яе прадстаўнікоў, прывесьці да дээскаляцыі сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны і ўсталяваньня міру ў зоне канфлікту.
Як паведамляе нямецкая газэта Bild, праект, падтрыманы ўсімі дэпутатамі ад Свабодных дэмакратаў, праз два тыдні будзе прадстаўлены ў Бундэстагу.
Дакумэнт пад назвай «Мір ва Ўкраіне мае патрэбу ў новым імпульсе» складаецца з 12 пунктаў. Згодна зь ім, урад Нямеччыны павінен распрацаваць дэталёвы плян выкананьня Менскіх пагадненьняў з указаньнем тэрмінаў выкананьня іх канкрэтных пунктаў і магчымых санкцыяў у выпадку зрыву гэтых тэрмінаў або адмовы выконваць пагадненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна патрабуе паставіць на парадак дня перамоваў у Менску вяртаньне Крыму, ліквідацыю «ДНР» і «ЛНР»Дэпутаты таксама прапануюць стварыць на тэрыторыях, якія кантралююцца зараз падтрыманымі Расеяй сэпаратыстамі, часовую грамадзянскую адміністрацыю ААН, якая будзе рыхтаваць выбары. Органы самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» пры гэтым павінны быць распушчаныя.
Нямеччына павінна, на думку аўтараў дакумэнту, садзейнічаць «грамадзянска-паліцэйскаму кампанэнту» гэтай місіі. Пра «блакітныя каскі» ААН у пляне не гаворыцца, але падкрэсьліваецца, што яго рэалізацыя немагчымая без адводу ўсіх баявых частак ад лініі судакрананьня на Данбасе.
Свабодная дэмакратычная партыя знаходзіцца ў Бундэстагу ў апазыцыі, таму незразумела, ці знойдзе яе праект падтрымку ва ўрадзе Нямеччыны.
- Менскія пагадненьні былі заключаныя ў верасьні 2014 году, а ў лютым 2015 году лідэры Нямеччыны, Францыі, Расеі і Ўкраіны ўдакладнілі іх і ўзгаднілі плян рэалізацыі. Яны прадугледжваюць спыненьне агню на Данбасе, прадастаўленьне асобным раёнам Луганскай і Данецкай абласьцей Украіны асаблівага статусу, правядзеньне там выбараў пад міжнародным назіраньнем і вяртаньне Ўкраіне кантролю над участкамі мяжы з Расеяй, якія цяпер кантралююць сэпаратысты. З таго часу, аднак, ніводзін пункт пагадненьняў цалкам ня быў рэалізаваны.