Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцпрадстаўнік АБСЭ Сайдзік прапануе замяніць менскія пагадненьні новым дакумэнтам


Мартын Сайдык, архіўнае фота

Спэцпрадстаўнік АБСЭ ў трохбаковай кантактнай групе для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе Марцін Сайдзік прапануе замяніць менскія пагадненьня новым мірным плянам, паведамляе БелаПАН.

У інтэрвію аўстрыйскай газэце Kleine Zeitung 24 студзеня дыплямат заявіў, што гаворка ідзе аб прыцягненьні ААН да правядзеньня мясцовых выбараў і гарантаваньня бясьпекі. АБСЭ можа выбары толькі ацэньваць, але не праводзіць, а 600 назіральнікаў арганізацыі для тэрыторыі плошчай 17 тысяч кв. км і лініі фронту працягласьцю 420 км недастаткова для вырашэньня праблемы бясьпекі, адзначыў Сайдзік.

Новы плян прадугледжвае паліцэйскую місію ААН і дзейнасьць у Данецкай і Луганскай абласьцях агенцтва аднаўленьня пад эгідай Эўразьвязу. Падобная структура працавала на Балканскім паўвостраве пасьля заканчэньня вайны 1990-х гадоў.

Патрэбен дакумэнт, які будзе мець «сапраўдную палітычную і прававую вагу», паколькі менскія пагадненьня так і не былі ратыфікаваныя расейскім і ўкраінскім парлямэнтамі, растлумачыў прадстаўнік АБСЭ.

Сайдзік падкрэсьліў, што ў новым пагадненьні павінны ўдзельнічаць прадстаўнікі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей. Мяркуецца, што ў пераходны пэрыяд ААН будзе мець у рэгіёне некаторыя ўладныя паўнамоцтвы, каб гарантаваць мясцоваму насельніцтву захаваньне ягоных правоў, у тым ліку «элемэнт амністыі».

Плян упершыню быў прадстаўлены ў сьнежні 2018 году ў Міляне (Італія) на пасяджэньні рады міністраў замежных спраў дзяржаў — чальцоў АБСЭ. На пасяджэньні прысутнічалі прадстаўнікі бакоў, уцягнутых у канфлікт.

«Афіцыйнай рэакцыі ў нас няма, і я думаю, што яна не абавязковая. Галоўнае, што мы можам прадэманстраваць наяўнасьць шляхоў выхаду зь цяперашняй сытуацыі, у якой, на жаль, няма асаблівага прасоўваньня», — сказаў Сайдзік.

30 студзеня ў Менску адбудзецца чарговае пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG