У выніку страляніны ў сынагозе Сан-Дыега загінула жанчына, трое параненыя

Прыхаджане сынагогі ў Сан-Дыега пасьля нападу

Падчас узброенага нападу на сынагогу ў прыгарадзе Сан-Дыега, штат Каліфорнія, загінула адна жанчына, яшчэ тры чалавекі паранены — сярод іх рабін і дзіця. Па словах лекараў, жыцьцю пацярпелых нічога не пагражае.

Напярэдадні 19-гадовы мясцовы жыхар Джон Эрнст распачаў страляніну ў сынагозе з паўаўтаматычнай вінтоўкі падчас службы ў гонар заканчэньня сьвята Песах. Пазьней ён паспрабаваў схавацца на машыне, але шэрыф Сан-Дыега паведаміў, што яго адразу ж затрымалі на шашы.

Перад нападам у фэйсбук-акаўнце чалавека з гэтым жа імем быў апублікаваны адкрыты ліст з антысэміцкімі выказваньнямі, паведамляе тэлеканал NBC. Адміністрацыя Фэйсбуку ўжо выдаліла акаўнт. Паводле інфармацыі журналістаў NBC, у гэтым лісьце гаварылася, што нападнік узяў за прыклад Брэнтана Таранта, які напярэдадні расстраляў звыш 50 чалавек у мячэці Новай Зэляндыі, і Робэрта Боўэрса, які падчас расстрэлу сынагогі ў амэрыканскім Пітсбургу забіў 11 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рост расізму і ісламафобіі» — Эрдаган, Трамп, Мэй, і Пуцін пра тэракт у Новай Зэляндыі

Паліцыя мяркуе, што Эрнст можа быць датычны да падпалу мячэці ў каліфарнійскім горадзе Эскандзіда ў сакавіку сёлета.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ужо пракамэнтаваў страляніну ў Сан-Дыега. Ён высока ацаніў дзеяньні праваахоўных органаў, якія хутка затрымалі злачынцу, і асабліва адзначыў гераізм ахоўніка сынагогі.