Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook забараніў праявы сэпаратызму і «белага нацыяналізму» на сваім сэрвісе


Пратэсты з патрабаваньнямі незалежнасьці ў Каталёніі
Пратэсты з патрабаваньнямі незалежнасьці ў Каталёніі

Кіраўніцтва Facebook заявіла, што ўжо ад наступнага тыдня будзе баніць на сваіх плятформах любыя праявы «груп нянавісьці», у тым ліку тых, якія «ўслаўляюць, падтрымліваюць і прэзэнтуюць белы нацыяналізм і сэпаратызм».

Рашэньне было прынята пасьля расстрэлу белым нацыяналістам мячэці ў Новай Зэляндыі. Нападнік трансьляваў расстрэл у Facebook у жывым этэры, і відэа шырока разышлося: было зроблена прыкладна 1,2 млн копіяў стрыму, а сам арыгінальны стрым быў прагледжаны больш за 4000 разоў, перш чым быў выдалены мадэратарамі.

І хоць палітыка Facebook і раней забараняла пасты, у якіх людзей абражалі за іх расу, этнічнае паходжаньне або рэлігію, гэтыя захады, як лічаць у кампаніі, выявіліся недастатковымі для барацьбы зь «белым нацыяналізмам». Летась у мас-мэдыі трапіла інструкцыя для навучаньня мадэратараў Facebook, і ў ёй фразы «Я ганаруся тым, што я белы нацыяналіст» і «ЗША павінны быць „белай“ дзяржавай» былі адзначаныя як дазволеныя, тым часам як баніць патрабавалася толькі пасты з фразай «Я — белы супрэмасіст».

Facebook абяцае не падыходзіць з адной меркай да сэпаратызму і «белага нацыяналізму» і прызнае, што, напрыклад, «гонар за Амэрыку ці басконскі сэпаратызм — важная частка мэнталітэту людзей». «Белыя людзі будуць мець магчымасьць дэманстраваць гонар за сваю этнічную прыналежнасьць», — сказана ў заяве кампаніі. Аднак фармальна пад новыя правілы могуць трапіць любыя групы, якія падтрымліваюць аддзяленьне Паўднёвай Асэтыі ці Абхазіі, а таксама старонкі, якія падтрымліваюць так званыя «ДНР» і «ЛНР».

Выяўляць старонкі, якія прапагандуюць «белы нацыяналізм і сэпаратызм», Facebook будзе як пры дапамозе штучнага інтэлекту, так і ў працэсе маніторынгу з выкарыстаньнем чалавечых рэсурсаў. Кіраўніцтва кампаніі сьцьвярджае, што рашэньне, якое паўплывае прыкладна на 2 млрд карыстальнікаў сэрвісу, было прынятаь пасьля амаль трох месяцаў абмеркаваньняў з навукоўцамі і прадстаўнікамі грамадзкіх рухаў.

Яшчэ адной навацыяй будзе выкарыстаньне пошукавых запытаў карыстальнікаў, якія шукаюць інфармацыю, «зьвязаную зь белым нацыяналізмам». Іх Facebook будзе перанакіроўваць на спэцыяльна створаную старонку-заглушку фонду Life After Hate, які «дапамагае людзям, якія сталі ахвярамі групаў нянавісьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG