У Гомелі падчас маратону памёр піяніст Юрый Бліноў, сузаснавальнік футбольнага клюбу «Крумкачы»

Юры Бліноў

Сузаснавальнік «Крумкачоў» Юры Бліноў памёр 21 красавіка падчас экамаратону ў Гомелі. Удзельніку забегу на 21 кілямэтар да фінішу заставалася некалькі мэтраў. Лекары, якія дзяжурылі на дыстанцыі, не змаглі аказаць дапамогу 43-гадоваму менчуку, паведамляе «Прэсбол».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-«Крумкачы» ахвяруюць грошы з квіткоў сямʼі заснавальніка клюбу Юрыя Блінова, які памёр 21 красавіка

У 2006 годзе Бліноў стаў першым беларускім музыкам, які выступіў з сольным канцэртам у Карнэгі-Голе ў Нью-Ёрку. Ён атрымаў ступень доктара музычных мастацтваў у Вышэйшай школе музыкі Істмэна. З 2010 году жыве і працуе ў Беларусі. У 2015-м напісаў буйны музычны твор «Concerto-Krooso» ў гонар гульца мадрыдзкага «Рэалу» Тоні Кроса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэінкарнацыя «Крумкачоў». Сузаснавальнікам новага клюбу стаў усясьветна вядомы піяніст

Год таму ён стаў сузаснавальнік новага футбольнага клюбу «НФК Крумкачы».

Юры Бліноў удзельнічаў у трох менскіх і адным мюнхенскім паўмаратонах, а ў кастрычніку 2017 году прабег свой першы маратон у Кіеве. У цёплы час году ён тры-чатыры разы на тыдзень рабіў ранішнія прабежкі па 5–11 кілямэтраў і яшчэ некалькі разоў на месяц бегаў дыстанцыі па 15 і больш кілямэтраў.