Да Зяленскага прыйшла паліцыя. ФОТА

Уладзімер Зяленскі пасьля галасаваньня. Кіеў, 21 красавіка 2019 году

Паліцыя прыйшла ў штаб да кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага праз тры гадзіны пасьля таго, як ён прагаласаваў на выбарах з парушэньнем закона.

Уладзіміру Зяленскаму ўручылі адміністрацыйны пратакол за тое, што падчас галасаваньня ў другім туры выбараў прэзыдэнта Ўкраіны ў прысутнасьці тэлекамэр і выбарнікаў ён паказаў бюлетэнь з вынікамі свайго волевыяўленьня, чым парушыў закон. Пра гэта напісаў у Facebook сьпікер яго штабу Дзьмітрый Разумкоў.

«Новы прэзыдэнт — новыя правілы. Усе павінны жыць паводле закону! Зяленскаму ўручаюць пратакол аб адміністратыўным парушэньні за тое, што паказаў бюлетэнь», — паведаміў ён.

21 красавіка кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі пасьля галасаваньня на выбарчым участку прадэманстраваў у прысутнасьці тэлекамэр і выбарнікаў свой бюлетэнь з вынікамі галасаваньня, чым парушыў закон. Прысутныя змаглі ўбачыць, што ён паставіў крыжык насупраць свайго прозьвішча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пра што казалі Парашэнка і Зяленскі падчас галасаваньня. ВІДЭА