«Сучасна, крэатыўна». Завод у Лунінцы патлумачыў, чаму расфарбаваў бюст Леніна

У Лунінцы зноў перафарбавалі бюст Уладзіміра Леніна каля заводу «Палесьсеэлектрамаш»

Бюст Уладзіміра Леніна на заводзе «Палесьсеэлектрамаш» да нядаўняга часу быў проста белым. Але напярэдадні Вялікадня бюст размалявалі спачатку «пад жывога» (пафарбавалі бараду і вусы, вочы, валасы і бровы), пасьля перафарбавалі «пад бронзу».

Як расказалі парталу Tut.by на заводзе, да таго бюст стаяў белым 38 гадоў, яго бялілі штогод. Але пафарбаваць вырашылі, «каб ня быў такім бязьлікім».

«Гэта зрабіў наш мастак, малады чалавек, — расказалі на заводзе. — Ня думаем, што гэтым кагосьці абразілі, мы палічылі гэта цудоўным і прыгожым, але мясцовыя ўлады нас не ўхвалілі і не зразумелі».

Мастака Сяргея, які фарбаваў бюст, падтрымаў кіраўнік прадпрыемства, але мясцовыя ўлады выклікалі кіраўніка і загадалі перафарбаваць назад «у першародны выгляд». На заводзе дзівяцца: «атрымалася сучасна, нязвыкла, крэатыўна, нам усім спадабалася». Хто менавіта даваў камэнтар, Tut.by не ўдакладняе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 4 гады ва Ўкраіне дэмантавана 2500 савецкіх помнікаў, тысячу паселішчаў перайменавалі