«Каб умацаваць дарогу». Шлях да горадзенскіх «Мальдзіваў» засыпалі цэглай, а пасьля шуму прыбралі. ФОТА

Так выглядаў падʼезд да карʼераў Сінькі і Зялёнкі два дні таму

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Палесьсі знайшлі дзясяткі нелегальных лягераў зьбіральнікаў ягад

Гарадзенцы ўбачылі горы будаўнічага сьмецьця ў лесапарку Пышкі на падыходзе да маляўнічых карʼераў 15 красавіка. Пасьля розгаласу ў мэдыя дарогу расчысьцілі. Камунальнікі кажуць, што хацелі яе ўмацаваць.

Бітай цэглай засыпалі каля ста мэтраў

Гарадзенец Аляксандар убачыў 15 красавіка, што падыход да будаўнічых карʼераў, вядомых як Сінька і Зялёнка, засыпалі бітай цэглай і іншым будаўнічым сьмецьцем. Раней з тых карʼераў здабывалі крэйду. Цяпер яны запоўніліся вадой бірузовага колеру і сталі месцам адпачынку.

Былыя крэйдавыя карʼеры сталі месцам адпачынку гарадзенцаў

Па словах Аляксандра, было шчыльна засыпана каля 80–100 мэтраў грунтавой дарогі. Гэты кавалак давялося абыходзіць лесам. Сьмецьця было па пояс.

Пасьля публікацый у мэдыя дарогу ўзяліся расчысьціць.

«Не было сьмецьця»

Удзень 17 красавіка на ўчастку працавалі работнікі дзяржаўнага камунальнага прадпрыемства «Спэцаўтагаспадарка» з экскаватарам. Кажуць, сюды ўжо прыяжджала ўсё кіраўніцтва гораду.

Пасьля розгаласу ў мэдыя дарогу ўзяліся расчысьціць

Рабочыя запэўнілі, што «сьмецьця ніякага не было», але бітую цэглу камунальнікі са «Спэцаўтагаспадаркі» сапраўды прывозілі.

Па словах аднаго з работнікаў, які не назваў свайго імя, яны хацелі такім чынам умацаваць тэхналягічны праезд да карʼераў. Таму ўтрамбавалі дарогу і засыпалі зьверху «тэхналягічным пяском». Ён запэўніў, што гэта не супярэчыць прыродаахоўнаму заканадаўству, якое дазваляе падсыпаць дарогі будаўнічымі адкідамі з цэглай, пяском, друзам.

Камунальнікі запэўніваюць, што бітай цэглай умацавалі дарогу, якую размывала

Згодна з Правіламі абыходжаньня з будаўнічымі адкідамі, зацьверджанымі пастановай Міністэрства аховы прыроды ад 22.12.2014, будаўнічыя адкіды, у склад якіх уваходзяць бэтон, цэгла ці друз, могуць выкарыстоўвацца для падсыпкі дарог.

Па словах гарадзенца Аляксандра, які бачыў гэты ўчастак два дні таму, узровень дарогі зноў апусьціўся амаль да першапачатковага. На ягоную думку, значную частку друзу вывезьлі, а не ўтрамбавалі.

Дарога выглядае, нібы пад пяском няма ніякага друзу

Будаўнічымі адкідамі засыпаюць і карʼеры

«Гэта звычайная штатная сытуацыя. Зьявілася цэгла — робім працу», — кажа супрацоўнік «Спэцаўтагаспадаркі».

Такім чынам, сказаў ён, дарогу ўмацоўвалі ўжо не аднойчы. Цяпер на падсыпку пайшоў стары будынак вайсковай часткі ў вёсцы Лапенкі каля Горадні, які разабралі перад суботнікам.

Суразмоўца дадаў, што засыпаць будаўнічымі адкідамі самі карʼеры таксама не забаронена. Наадварот, на яго погляд, іх трэба як мага хутчэй ліквідаваць, бо там тонуць дзеці.

Агулам у карʼерах за ўвесь час патанула болей за 10 чалавек. Глыбіня там сягае 30–40 мэтраў, берагі стромыя.

Самі карʼеры працягваюць засыпаць

Былыя крэйдавыя карʼеры павінны былі засыпаць да 2008 году, пасьля таго як там перасталі здабываць крэйду. Прынамсі, па заканадаўстве, трэба было зрабіць раўнейшыя, пакатыя берагі. Аднак камбінат будаўнічых матэрыялаў, які працаваў на карʼерах, гэта выканаў толькі па дакумэнтах, а не ў рэальнасьці, і перадаў «неўпарадкаваныя» карʼеры пад адказнасьць гарадзкіх уладаў.

Таму цяпер камунальнікі паступова раўняюць берагі, а зь цягам часу плянуюць засыпаць небясьпечныя карʼеры цалкам. Аднак гарадзенцы перажываюць, што разам з натуральнымі матэрыяламі, такімі як пясок, у карʼеры трапіць і сьмецьце, якое не перапрацоўваецца, кшталту плястыку.

Тэрыторыя з карʼерамі належыць «Спэцаўтагаспадарцы». Праход туды, паводле шыльдаў, забаронены

Атрымаць камэнтар у кіраўніка прадпрыемства «Спэцаўтагаспадарка» Кірыла Касілы не ўдалося.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскія «Мальдзівы» засыпяць сьмецьцем? ФОТА