Пуск першага энергаблёку БелАЭС заплянаваны на восень 

Беларуская АЭС

Фізычны пуск першага энэргаблёку Беларускай АЭС заплянаваны на восень 2019 году, паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк падчас форуму «Атамэкспа» ў Сочы.

«Мы знаходзімся на этапе індывідуальнага апрабаваньня абсталяваньня, — цытуе чыноўніка БелТА. — Наступны этап — гідравыпрабаваньні, халодная і гарачая абкатка. Калі ня будзе сур’ёзнага форс-мажору, увосень мы павінны пайсьці на фізычным. Прыкладаем усе намаганьні, каб у гэтым годзе блёк уключыць у працу».

Што тычыцца завозу на пляцоўку Беларускай АЭС ядзернага паліва, то як сказаў Міхаіл Міхадзюк, з гэтым сьпяшацца ня варта.

«Калі завязем паліва, у нас зусім іншы будзе рэжым работы на станцыі — у пляне забесьпячэньня фізычнай абароны і г.д. Таму мы з гэтай справай не спяшаемся, каб не абмяжоўваць рэжым працы будаўніча-мантажных арганізацый», — патлумачыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на БелАЭС на 10 гадоў

Згодна з нормамі, завоз ядзернага паліва павінен адбыцца за месяц да фізычнага пуску.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасьцю 2400 МВт будуецца побач з Астраўцом на Горадзеншчыне паводле расейскага праекту. Першы энергаблёк плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю у 2019 годзе, другі — у 2020-м.

Партыя ядзернага паліва для пачатковай загрузкі ў рэактар першага энергаблёку выраблена на Новасыбірскам заводзе хімканцэнтратаў.