Актывістку Натальлю Гарачку-Басалыгу арыштавалі на 15 сутак

Натальля Гарачка-Басалыга

Так пастанавіла 11 красавіка судзьдзя Натальля Шабуня. Актывістку асудзілі за «дробнае хуліганства», паведамляе БелаПАН.

Суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў актывістку, абаронцу Курапат Натальлю Гарачку-Басалыгу на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Заяву аб прыцягненьні Гарачкі-Басалыгі да адміністрацыйнай адказнасьці 11 сакавіка падала пракурор аддзелу арганізацыі працы са зваротамі грамадзян Генэральнай пракуратуры Ала Вараб’ёва. Нагодай стаў візыт актывісткі ў Генпракуратуру 19 лютага, паведаміў праваабаронца Валер Шчукін, які прысутнічаў на паседжаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінлясгас: зьнесеныя крыжы ў Курапатах ня маюць дачыненьня да памяці ахвяраў тэрору

У сьнежні 2018 году Гарачка-Басалыга накіравала заяву ў Генпракуратуру аб тым, што супрацоўнікі міліцыі не вярнулі ёй канфіскаваны мабільны тэлефон.

Генэральная пракуратура перанакіравала заяву ў пракуратуру Менску. Пра гэта актывістцы поштай накіравалі пісьмовае паведамленьне, але яна яго не атрымала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рымашэўскі паскардзіўся ў пракуратуру на міліцыянтаў, якія затрымлівалі яго на канцэрце да Дня Волі

Па словах Шчукіна, Гарачка-Басалыга запатрабавала ад дзяжурнага пракурора Варабʼёвай копію пісьмовага паведамленьня аб гэтым.

Як сьцьвярджаецца ў заяве Варабʼёвай, Гарачка-Басалыга неаднаразова называла яе «слугой народу» і крычала, чым «стварала невыносныя ўмовы для працы пракурорскіх работнікаў».

24 сакавіка актывістку затрымалі міліцыянты пры спробе прайсьці ў Кіеўскі сквэр Менску, дзе праходзіў санкцыянаваны ўладамі мітынг-канцэрт з нагоды Дня Волі. 27 сакавіка суд Цэнтральнага раёну накіраваў пратакол у дачыненьні да Гарачкі-Басалыгі на дапрацоўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Натальлю Басалыгу не змаглі аштрафаваць, пратрымаўшы тры дні ў ізалятары