«Транснефть» — Лукашэнку: рамонт нафтаправодаў не патрабуецца 

Нафтаздабыча, ілюстрацыйнае фота

Беларускі ўчастак нафтаправоду «Дружба» не патрабуе прыпыненьня для рамонтных працаў. Пра гэта ў інтэрвію РБК заявіў дарадца прэзыдэнта кампаніі «Транснефть» Ігар Дзёмін.

Па яго словах, «стан нафтаправоду прызнаны здавальняючым», выяўленыя дэфэкты не патрабуюць аварыйнага спыненьня для іх ліквідацыі. Калі беларускім калегам патрэбная дапамога, расейскі бок гатовы яе надаць.

11 красавіка Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з прадстаўнікамі эканамічнага блоку ўраду сказаў, што можа часова зачыніць нафтаправод, які ідзе праз тэрыторыю Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта намёк, што Беларусі ёсьць чым адказаць». Экспэрт пра пагрозу прыпыніць транзыт расейскай нафты

«Нам трэба было б яшчэ раней на некалькі дзён закрыць для рамонту гэтыя нафтаправоды. Але мы ж не зрабілі так. Мы разумелі, што гэта нанясе шкоду Расейскай Фэдэрацыі. І тады я даручыў працаваць у аварыйным парадку, але не перакрываць гэтыя шляхі, па якіх транспартуецца галоўны экспартны прадукт Расеі — нафту», — зазначыў Лукашэнка.

Ён заўважыў, што гэтае пытаньне ня зьнікла з парадку дня і даў распараджэньне намесьніку прэм’ера-міністр Ігару Ляшэнку — дзейнічаць, як таго вымушаюць абставіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адказ на «санкцыі» Масквы? Менск гатовы закрыць нафтаправод на рамонт

«Калі трэба паставіць на рамонт нафтаправоды, якія ідуць празь Беларусь, стаўце і рамантуйце, — загадаў ён. — Таму што тое дабро, якое мы робім для Расейскай Федэрацыі, яно нам вяртаецца пастаянна злом. Там ужо знахабіліся да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі».

Ускосна Лукашэнка патлумачыў, чым выкліканы ягоныя контарзахады. Падчас нарады ён не хаваў раздражненьня, што Масква рэгулярна і беспадстаўна абмяжоўвае экспарт прадуктаў зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна паміж саюзьнікамі. Лукашэнка пагражае прыпыніць транзыт расейскай нафты

За гэтым, ягонымі словамі, бачыцца непрыхаванае лябіраваньне алігархічных структураў, якія ня могуць нароўне канкураваць зь беларускай прадукцыяй, а таму ставяць на яе шляху штучныя бар’еры.