Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСЧП) прызнаў, што расейскія ўлады парушылі Эўрапейскую канвэнцыю, зьмясьціўшы палітыка Аляксея Навальнага пад хатні арышт у справе «Іў Рашэ». Таксама гэты арышт прызнаны палітычна матываваным.
Расея паводле рашэньня ЭСЧП павінна будзе выплаціць Навальнаму больш за 20 тысяч эўра ў якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды, а таксама аплаціць больш за 2600 эўра судовых выдаткаў, якія панёс апазыцыянэр.
У рашэньні, апублікаваным на сайце Страсбурскага суду, гаворыцца, што Расея парушыла артыкулы 5 і 10 Эўрапейскай канвэнцыі, якія абараняюць свабоду і асабістую недатыкальнасьць грамадзян, а таксама свабоду выказваньня.
Таксама да Навальнага была ўжытая празьмерная мера стрыманьня, вырашыў суд. Пры гэтым было дапушчана «парушэньне палітычнага плюралізму», гаворыцца ў дакумэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Суд не замяніў Навальнаму ўмоўны тэрмін на рэальныПрысуд па справе аб крадзяжы сродкаў у кампаніі «Іў Рашэ» Замаскварэцкі суд Масквы вынес у сьнежні 2014 году, прысудзіўшы Аляксею Навальнаму 3,5 гадоў умоўна, а ягонаму брату Алегу — 3,5 гадоў калёніі. Прысуду папярэднічаў хатні арышт апазыцыянэра, пад якім ён правёў 242 дні.
Вынесенае ЭСПЧ рашэньне — ужо ня першы выпадак прызнаньня парушэньняў у справе «Іў Рашэ» Эўрапейскім судом. У кастрычніку 2017 году Страсбурскі суд вырашыў, што Расея парушыла артыкулы 6 і 7 Эўрапейскай канвэнцыі, якія гарантуюць справядлівае судовае разьбіральніцтва і пакараньне выключна на падставе закону. Тады суд адмовіўся палічыць справу палітычна матываванай, але трое судзьдзяў рэкамэндавалі разгледзець яе на прадмет палітычнай падаплёкі.
Паводле рашэньня 2017 году Страсбур абавязаў Расею выплаціць братам Навальным 76 тысяч эўра.