«Мадура пойдзе па трупах», — вэнэсуэльскі рэжысэр пра саюзьніка Лукашэнкі

«Людзям ва ўрадзе дазваляюць займацца крыміналам, але калі яны пачынаюць зь нечым спрачацца, іх кідаюць у турму». Вэнэсуэльскі дакумэнталіст расказаў Радыё Свабода, на чым трымаецца рэжым Нікаляса Мадура, пра тры мільёны эмігрантаў, пра ролю Расеі і пра тое, чаму ўладам важна ствараць «паралельную праўду».

У апошнія месяцы міжнародныя мэдыя шмат паведамляюць пра крызіс у Вэнэсуэле — пра палітычнае супрацьстаяньне і хаос у эканоміцы з адключэньнем электрычнасьці, дэфіцытам і блякаваньнем гуманітарнае дапамогі.

Рэжысэр Тукі Енкель здымаў адзін з аспэктаў гэтага крызісу — дэфіцыт лекаў і праблемы ў мэдычнай сыстэме — калі да Вэнэсуэлы яшчэ не было такой вялікай увагі. Дакумэнтальны фільм Está Todo Bien (Усё ў парадку) здымаўся ў 2016-17 гадах, а на экраны выйшаў летась.

Аптэкарка, хірург-траўматоляг, актывіст няўрадавай арганізацыі, якая займаецца мэдычнай гуманітарнай дапамогай з-за мяжы, і дзьве пацыенткі, хворыя на рак, расказваюць пра свой досьвед у сыстэме, дзе лекі часам даводзіцца шукаць праз сацыяльныя сеткі ў сем’ях людзей, памерлых ад раку. Пры гэтым улады заяўляюць, што праблемаў зь лекамі няма.

У адным з эпізодаў фільму, які ўпотай здымалі ў шпіталі падчас начной зьмены, хірург Эфраім Вэгас апэруе чалавека, які сам прыехаў на прыём пасьля таго, як ягоную машыну абстралялі. Пакуль хірург дастае кулі зь цела, паліцыянт — прыяцель пацярпелага — кажа, што такія раны гэта драбяза, і паказвае фатаздымкі абезгалоўленых трупаў, якімі паліцыянты абменьваюцца ў сваёй суполцы ў мэсэнджэры WhatsApp.

Кадр зь фільму Está Todo Bien

Кожны з герояў фільму спрабуе адказаць на пытаньні: пратэставаць ці зьмірыцца, застацца ў краіне ці зьехаць за мяжу. Неўзабаве пасьля здымак сам рэжысэр эміграваў у Нямечччыну.

Тукі Енкель

Пра тры мільёны эмігрантаў

— Нельга сказаць, што я зьехаў з палітычных прычынаў. Проста краіна абвалілася. Вядома ж, гэта зьвязана з палітычнай сытуацыяй, але ідзецца і пра эканоміку, і пра небясьпеку ад злачыннасьці. Я і мая сям’я хацелі жыць у месцы, дзе магчымая больш бясьпечная будучыня.

У Вэнэсуэле для мяне асаблівай будучыні ўжо не было — фактычна ўсе мае сваякі зьехалі раней за мяне. Тры мільёны чалавек пакінулі краіну — гэта больш за 10 працэнтаў насельніцтва. Амаль усе, хто меў такую магчымасьць, ужо зьехалі. На жаль.

Большасьць людзей, якіх я ведаю, страцілі свае зьберажэньні і маёмасьць. Тыя мае знаёмыя, хто застаўся ў краіне, маюць альбо нейкія запасы ў замежнай валюце, альбо сваякоў, якія шлюць ім дапамогу з-за мяжы.

Гэты крызіс закрануў практычна ўсіх. Выйграе ад яго толькі тая меншасьць, якая мае дачыненьне да не зусім законнай дзейнасьці.

Людзі забіраюць гуманітарную дапамогу з падпаленага грузавіка ў вэнэсульскім горадзе Ўрэньня, 23 лютага 2019

Пра мафіёзную ўладу і катаваньні

— Вэнэсуэльская ўлада вельмі падобная да злачыннай арганізацыі. Яна як супольнасьць саўдзельнікаў, кожны зь якіх ведае нейкія брудныя сакрэты пра іншых. У нечым гэта падобна да мафіі — калі нехта хоча выйсьці з сыстэмы, дык астатнія будуць пагражаць ня толькі такому чалавеку, але і ягонай сям’і, ягоным сваякам і сябрам.

А такой сыстэмы катаваньняў, якія цяпер ужываюцца, каб запалохаць апанэнтаў рэжыму, у Лацінскай Амэрыцы не было ад часоў дыктатураў 1970-х і 1980-х гадоў. Гэтую сыстэму вельмі цяжка зьмяніць.

Пустыя паліцы ў аптэцы. Кадр зь фільму Está Todo Bien

Пра «паралельную праўду»

— Для рэжыму было вельмі важна захаваць афіцыйную вэрсію — што яны клапоцяцца пра людзей. Тое, што людзі галадаюць і што ім не хапае лекаў, разбурала б гэтую карціну.

Мне здаецца, што калі дзяржаўная прапаганда ўсімі сродкамі прасоўвала афіцыйную вэрсію, яна амаль стварыла «паралельную праўду». У выніку ў людзей зьяўляецца адчуваньне бясьсільля, расчараваньня і няздольнасьці гэтаму нешта супрацьпаставіць. А па-за межамі краіны гэта стварала ўражаньне, што ў Вэнэсуэле дэмакратыя, што яна працуе, што гэты рэжым падтрымліваюць людзі.

Аляксандар Лукашэнка і Нікаляс Мадура падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску, 5 кастрычніка 2017

Пра Беларусь і левых іншаземцаў, якія хваляць Мадура

— Ніводнаму леваму ўраду, партыі ці інтэлектуалу ня робіць гонару падтрымка рэжыму Мадура на той падставе, што гэты рэжым таксама нібыта левы. Я ня думаю, што гэта сацыялізм — калі 80 працэнтаў краіны галадае. І магу патлумачыць такую падтрымку з-за мяжы толькі тым, што гэтыя людзі наўзамен атрымоўваюць нейкія выгады. У мінулым гэта дакладна так і было: вэнэсуэльскі рэжым фінансаваў некаторыя замежныя ўрады і партыі.

Наконт таго, ці атрымалі з гэтага нешта ўлады Беларусі, мне цяжка сказаць. Ведаю толькі, што прэзыдэнт Беларусі прыяжджаў на інаўгурацыю Мадура, што паміж імі добрыя стасункі і пэўнае падабенства.

Каракас, кадр зь фільму Está Todo Bien

Пра геапалітыку і санкцыі

— Думаю таксама, што для апазыцыі ня вельмі карысна мець такую публічную падтрымку, якую ёй цяпер даюць Злучаныя Штаты. Бо, на жаль, гэта зноў ператвараецца ў геапалітычнае супрацьстаяньне, як у часы Халоднай вайны.

Рэжым спрабуе тлумачыць праблемы ціскам ворагаў звонку, але ЗША толькі ў студзені 2019 году ўвялі фінансавыя санкцыі. Цяпер урад ужо ня можа прадаваць нафту Злучаным Штатам і спрабуе патлумачыць крызіс гэтымі санкцыямі. Але, вядома ж, гэта няпраўда.

Так, ёсьць геапалітычныя інтарэсы, інтарэсы ЗША ў Вэнэсуэле, але было б надта прымітыўна казаць: «ЗША хочуць вэнэсуэльскую нафту і таму спрабуюць памяняць рэжым». Бо апошнія 20 гадоў Вэнэсуэла спакойна прадавала нафту ў Злучаныя Штаты, і амэрыканцы плацілі за гэтую нафту.

Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем на разьвітаньне з Уга Чавэсам, Каракас, 8 сакавіка 2013

Пра Чавэса і карані крызісу

— Гледзячы зь сёньняшняга дня, лёгка казаць, што палітыцы [папярэдняга прэзыдэнта Уга] Чавэса адразу быў наканаваны правал. Але напачатку, калі ён толькі прыйшоў да ўлады, шмат людзей у Вэнэсуэле яму верылі. Людзі ўжо не давяралі тагачаснай двухпартыйнай сыстэме, а ён прынёс надзею на перамены.

У 2003-2004 гадах ён пачаў сацыяльныя праграмы. Спачатку гэта быў пазытыўны крок, але праграмы не грунтаваліся на нейкай устойлівай інфраструктуры ці інвэстыцыях. Ён папросту скарыстаўся высокімі прыбыткамі ад продажу нафты ў той час. Было шмат выдаткаў, у тым ліку на сацыяльныя праграмы. Такое цяжка крытыкаваць у краіне, дзе пануе беднасьць. Аднак, на жаль, не было інвэстыцыяў у доўгатэрміновыя праграмы, у адукацыю. У Вэнэсуэле была выдатная сыстэма вышэйшай адукацыі, але яе не абаранілі і не захавалі. Таксама не было інвэстыцыяў у сыстэму аховы здароўя.

Акрамя таго, было вельмі шмат карупцыі. Разам з адсутнасьцю доўгатэрміновых інвэстыцыяў гэта стварыла крымінальную дзяржаву. Людзям ва ўрадзе дазваляюць займацца крыміналам, але калі яны пачынаюць зь нечым спрачацца, іх кідаюць у турму.

Пакуль цэны на нафту былі высокія, усё гэта было прыхавана. Гэта як айсбэрг — вы бачыце толькі верхавіну, але калі ўзровень вады апускаецца, вы заўважаеце маштабы крызісу і хаосу. Гэта пачалося яшчэ за часамі Чавэса і пагоршылася пры ўладзе Мадура.

Героі фільму Está Todo Bien

Пра ролю Расеі ў Вэнэсуэле

— Найбольш імаверны сцэнар цяпер — дыктатарскі рэжым застанецца ва ўладзе пры падтрымцы Расеі. Мне здаецца, Мадура пойдзе па трупах не міргнуўшы.

Дзяржаўныя мэдыя хваляць Расею як моцнага саюзьніка. Расея дае рэжыму грошы, стратэгічную і дыпляматычную падтрымку, а таксама фактычна блякуе ў Радзе Бясьпекі ААН крокі , якія б дазволілі правесьці ў Вэнэсуэле свабодныя і справядлівыя выбары.

Міністар замежных справаў Расеі сказаў, што Мадура абралі на свабодных і справядлівых выбарах. Але гэта ня так. Якія могуць быць справядлівыя і свабодныя выбары, калі дзейны прэзыдэнт абірае, хто з апазыцыі можа ў іх удзельнічаць, калі на выбары не пускаюць незалежных назіральнікаў з-за мяжы, калі ўсе палітычныя апанэнты, якія мелі б шанцы перамагчы, знаходзяцца альбо ў турме, альбо ў вымушанай эміграцыі, калі ад твайго галасаваньня залежыць, ці атрымаеш ты патрэбныя лекі?

Кожны, хто кажа, што Мадура — легітымны прэзыдэнт, мусіць адказаць на гэтыя пытаньні. Мне здаецца, што без расейскай падтрымкі рэжыму былі б адпаведныя рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, і вэнэсуэльцы мелі б шанцы на свабодныя і справядлівыя выбары.

Хуан Гуайдо, тады яшчэ проста дэпутат парлямэнту, на пасяджэньні, прысьвечаным мэдычнаму крызісу. Кадр зь фільму Está Todo Bien

Пра Гуайдо і перасьлед апазыцыі

— Рэжым Мадура дзейнічае вельмі хітра — яны наўпрост не атакуюць [сьпікера парлямэнту, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам, Хуана] Гуайдо, але пры гэтым выкарыстоўваюць рэпрэсіі супраць людзей, якія побач зь ім. Аднаго зь ягоных паплечнікаў нядаўна выкралі спэцслужбы, пагражаюць ягоным сваякам. Акрамя таго, былыя афіцэры спэцслужбаў нядаўна распавялі, як у Вэнэсуэле цывільных асобаў трымаюць і катуюць у вайсковых турмах. За апошнія месяцы рэпрэсіі значна ўзмацніліся.

Дэманстрант, які загарэўся падчас сутыкненьняў з паліцыяй у Каракасе, 3 траўня 2017

Ці падтрымліваюць вэнэсуэльцы Мадура?

— Тры тыдні таму я быў у Вэнэсуэле і праехаў з Каракасу да калюмбійскага гораду Кукута на мяжы. Мы былі шмат дзе і пабачылі, што людзі хочуць пераменаў. Не было відаць нікога, хто выказваўся б у падтрымку Мадура. Людзі прагнуць пераменаў, каб магчы пракарміць свае сем’і. Мне здаецца, што Мадура ўжо ня мае падтрымкі людзей, акрамя тых, каму выгадная сытуацыя хаосу. А гэта вельмі нязначная меншасьць. Таму Мадура захоўвае ўладу праз выкарыстаньне сілы і рэпрэсіяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэнэсуэла засталася без электрычнасьці