Лукашэнка адправіў у адстаўку віцэ-прэм’ера і міністра сельскай гаспадаркі

На пярэднім пляне намесьнік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, архіўнае фота

27 сакавіка Лукашэнка адправіў у адстаўку віцэ-прэм’ера Беларусі Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. Гэта вынікае з кадравых указаў, якія Аляксандар Лукашэнка падпісаў 27 сакавіка, паведамляе БелТА.

Міхаіл Русы займаў пасаду віцэ-прэм’ера і курыраваў пытаньні сельскай гаспадаркі ва ўрадзе з 2012 году. Ён перажыў некалькі абнаўленьняў ураду, працаваў пры ўрадзе Андрэя Кабякова, а пасьля Сяргея Румаса. Пасьля апошняга зьмену складу ўраду ён быў адзіны намесьнік прэм’ера, хто захаваў сваю пасаду.

Леанід Заяц узначальваў Міністэрства сельскай гаспадаркі з 2012 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія Міхаіл Русы і Леанід Заяц, якіх Лукашэнка адправіў у адстаўку, пабачыўшы брудных кароў

26 сакавіка падчас паездкі па Магілёўскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка завітаў у малочны комплекс «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, які ўваходзіць у аргахолдынг «Купалаўскае», абурыўся кепскімі ўмовамі ў кароўніку аграхолдынгу, параўнаўшы іх з Асьвенцімам, і загадаў зьняць з пасадаў «усіх вінаватых». Ён пагражаў прызначэньнем у Шклоўскі раён кіраўніцы сваёй адміністрацыі Натальлі Качанавай, адстаўкай — віцэ-прэм’еру Міхаілу Русаму і свайму памочніку Генадзю Лаўранкову. Казаў: «Гэта недапушчальна, што вы тут целяпаецеся».

Першым сваю пасаду страціў кіраўнік Магілёўскай вобласьці Ўладзімір Даманеўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За «Асьвенцім у кароўніку» Лукашэнка звольніў кіраўніка Магілёўскай вобласьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усіх пад нож». Тэлеканал АНТ паказаў разнос Лукашэнкі на Шклоўшчыне без купюр

А гаспадарка праславілася на ўсю краіну. Словы Лукашэнкі пра «Асьвенцім» для кароў расьцягнулі на цытаты дзясяткі сайтаў, яны таксама трапілі ў вечаровыя выпускі навінаў галоўных тэлеканалаў.

Што сказаў Лукашэнка?

  • «Не, гэтая карова ледзь жывая, ты паглядзі, як яна рухаецца».
  • «Навошта вы сюды мяне прывезьлі? Каб я зараз службе бясьпекі загадаў надзець вам наручнікі?»
  • «Калі чалавек не разумее, што гэта Асьвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас зусім не разумею».
  • «Ты паглядзі на гэтую скаціну, яна ж уся абаср...ная. І на поўсьці ўсё закарэла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі крыўдна мне за „Асьвенцім“, хлопцы!» Рэпартаж з той самай малочнай фэрмы. ФОТА

27 сакавіка была заведзеная крымінальная справа па факце злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі на кіраўніцтва ААТ «Амкадор-Шклоў» і ТАА «Купалаўскае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля абурэньня Лукашэнкі бруднымі каровамі распачата крымінальная справа