СК завёў крымінальную справу за размаляваныя фарбай помнікі ў Курапатах

Апаганены вандаламі помнік у Курапатах

Следчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу па факце пашкоджаньня мэмарыяльных аб’ектаў ва ўрочышчы Курапаты. Пра гэта ведамства паведаміла ў афіцыйным Telegram-канале.

«У межах крымінальнай справы прызначаны шэраг экспэртыз, вытворчасьць якіх даручаная экспэртам УГКСЭ па Менскай вобласьці. Комплекс сьледчых і працэсуальных дзеяньняў, накіраваных на ўстанаўленьне фактычных абставінаў здарэньня, працягваецца», — гаворыцца ў паведамленьні СК.

Крымінальная справа заведзеная паводле ч. 1 арт. 344 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Курапатах вандалы размалявалі помнікі «зоркамі Давіда» і антысэміцкімі надпісамі

23 сакавіка актывісты выявілі, што невядомыя намалявалі фарбай «зоркі Давіда» і антысэміцкія надпісы на афіцыйным памятным знаку і помніку габрэйскім ахвярам НКВД ва ўрочышчы Курапаты. Актывісты зьвярнуліся ў міліцыю. Пазьней росьпіс такой жа сіняй фарбай быў выяўлены і з другога боку ўрочышча, на камяні з крыжом.

Пазьней кроплі фарбы падобнага колеру абаронцы Курапатаў пабачылі каля ўваходу на тэрыторыю рэстарацыі «Поедем поедим». Сьледчыя, якія прыяжджалі на месца здарэньня, узялі фарбу на аналіз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сьледчыя ўзялі на аналіз сінія кроплі каля ўваходу ў «Поедем поедим». Яны падобныя на фарбу вандалаў у Курапатах

20 сакавіка ў Курапатах невядомыя павалілі адразу 14 крыжоў. Двойчы ад пачатку году быў пашкоджаны мэмарыяльны знак ад прэзыдэнта ЗША «лава Клінтана».