Астану перайменавалі канчаткова. Сталіца Казахстана будзе называцца Нур-Султан

Афіцыйнае паведамленьне разьмешчана на сайце прэзыдэнта Касым-Жамарта Такаева.

«У адпаведнасьці з артыкулам 9 Закону Рэспублікі Казахстан ад 8 сьнежня 1993 году „Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным ладзе Рэспублікі Казахстан“ пастанаўляю: 1. Перайменаваць горад Астану — сталіцу Рэспублікі Казахстан у горад Нур-Султан — сталіцу Рэспублікі Казахстан», — гаворыцца ў паведамленьні.

Указ набыў моц у момант афіцыйнага апублікаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане новы прэзыдэнт. Што важна ведаць

Пра тое, што Астану могуць перайменаваць, стала вядома тры дні таму, калі новы прэзыдэнт Казахстана афіцыйна заняў сваю пасаду. Такім чынам Такаеў прапанаваў ушанаваць імя свайго папярэдніка — Нурсултана Назарбаева. Першапачаткова Астану зьбіраліся перайменаваць у Нурсултан. Чаму быў выбраны варыянт з падзелам імені Назарбаева на дзьве часткі, не паведамляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пагаварыў з Назарбаевым і запэўніў, што той заслужыў статус «Лідэр нацыі»

Нурсултан Назарбаеў кіраваў Казахстанам на працягу амаль 30 гадоў. Экспэрты лічаць, што Назарбаеў будзе адыгрываць ключавую ролю ў кіраваньні краінай і пасьля сваёй адстаўкі.