Эўразьвяз пагадзіўся на адтэрміноўку Брэксыту да 22 траўня

Тэрэза Мэй у Брусэлі, 21 сакавіка 2019 году.

Эўразьвяз пагадзіўся перанесьці дату Брэксыту пры ўмове, што брытанскі парлямэнт да 29 сакавіка ўхваліць дамову прэм’ер-міністра Тэрэзы Мэй з Брусэлем. Калі гэта адбудзецца, ЭЗ можа адкласьці дату выхаду Вялікабрытаніі са свайго складу да 22 траўня.

Пра гэта са спасылкай на праект паведамленьня па выніках саміту ў Брусэлі паведамляе Reuters са спасылкай на праект пагадненьня.

З дакумэнту вынікае, што 22 траўня — гэта апошні тэрмін. У гэты дзень пройдуць выбары ў Эўрапарлямэнт. Калі Брытанія ня выйдзе з ЭЗ да галасаваньня, яе прадстаўнікі таксама будуць абраныя, што ўскладніць працэс Брэксыту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскі парлямэнт прагаласаваў супраць выхаду з ЭЗ без пагадненьня

У Брусэлі сёньня пачаўся двухдзённы саміт лідэраў краін Эўразьвязу. Галоўнай тэмай сустрэчы стала якраз адтэрміноўка Брэксыту. Раней прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй папрасіла адкласьці выхад краіны з ЭЗ да 30 чэрвеня.

Паводле першапачатковага пляну Брэксыт павінен адбыцца 29 сакавіка. Але брытанскія дэпутаты двойчы адхілілі плян Мэй. Перанос даты дасьць Лёндану неабходны час, каб палагодзіць усе юрыдычныя пытаньні. Францыя напярэдадні пагражала адхіліць просьбу Мэй.

Тым часам у Вялікабрытаніі пэтыцыя ў падтрымку адмены выхаду краіны з Эўразьвязу сабрала больш за мільён подпісаў. Прашэньне апублікавана на сайце брытанскага парлямэнту. Для разгляду пэтыцыі ў Палаце абшчын неабходныя 100 тысяч подпісаў.

Аўтары дакумэнту заклікаюць Лёндан адмяніць артыкул 50 Лісабонскага пагадненьня і застацца ў ЭЗ. Артыкул апісвае працэс выхаду дзяржаў-членаў з Эўразьвязу. Вялікабрытанія ўжыла яго два гады таму, запусьціўшы тым самым Брэксыт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанскі парлямэнт праваліў прапанаванае Тэрэзай Мэй пагадненьне аб Брэксыце

Кіраўнік брытанскага МЗС Джэрэмі Хант у размове з ВВС назваў адмену артыкулу магчымай, але малаверагоднай. У сваю чаргу лідэр Палаты абшчын у брытанскім парлямэнце Андрэа Лідсам заявіла, што калі пэтыцыя зьбярэ каля 17,5 мільёнаў подпісаў, то гэта будзе падставай для новага абмеркаваньня Брэксыту.

Велікабрытанія далучылася да ЭЗ у 1973 годзе і стане першай краінай, якая яго пакіне. Законапраект аб Брэксыце прадугледжвае адмену акту аб Эўрапейскіх супольнасьцях 1972 году, на падставе якога краіна ўступіла ў Эўрапейскі зьвяз, а таксама замену законаў Эўразьвязу брытанскімі.