Былы расейскі міністар Лесін мог атрымаць пералом шыі перад сьмерцю

Міхаіл Лесін

Былы міністар друку Расеі Міхаіл Лесін, які загінуў у Вашынгтоне ў 2015 годзе, мог атрымаць пералом шыі крыху ніжэй за лінію сківіцы «у момант сьмерці або незадоўга да яе».

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы, прадстаўленым Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа (RFE/RL) гарадзкімі ўладамі Вашынгтону. 149-старонкавы дакумэнт падрыхтаваны Офісам галоўнага судовага мэдыка.

Справаздача прадстаўленая рашэньнем суду, які прызнаў права Радыё Свабода атрымаць дадзеныя пра сьмерць Лесіна паводле закону аб раскрыцьці інфармацыі.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, сьмерць надышла ад удару тупымі прадметамі, што магло быць вынікам падзеньня. На думку некаторых камэнтатараў, гэта не выключае вэрсіі забойства. Ёсьць падставы меркаваць, што Лесін хацеў падзяліцца важнай інфармацыяй зь Міністэрствам юстыцыі ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Радыё Свабода дамаглося публікацыі вынікаў аўтапсіі цела былога расейскага міністра

Пра што гаворыцца ў справаздачы

  • Пад’язычная костка Лесіна (костка, якая мае форму падковы і разьмешчаная пад цягліцай языка) была зламаная. Таксама была зламаная шыя ніжэй сківіцы, гэтая траўма магла быць атрымана ў момант сьмерці або перад ёй. Пры гэтым у іншым месцы ў дакумэнце сьцьвярджаецца, што шыя магла быць зламаная падчас ускрыцьця цела.
  • У пачатку 2016 году (Лесін памёр у лістападзе 2015) ФБР разглядала магчымасьць пачаць расьсьледаваньне гібелі былога міністра: агенты фэдэральнага бюро прынялі ўдзел у допыце сьведак і вывучэньні запісаў відэакамэр гатэлю, дзе ён памёр.
  • Сын Лесіна Антон, які жыве ў Бэвэрлі-Хілз, распавёў, што яго бацька пастаянна напіваўся падчас дзелавых паездак.
  • Адзін з супрацоўнікаў Офіса галоўнага судовага мэдыка Вашынгтону даваў паказаньні Вялікаму журы па крымiнальных справах, адказваючы на пытаньні аб гібелі чыноўніка.
  • Адразу пасьля сьмерці Лесіна дэтэктыву, які расьсьледаваў справу, тэлефанаваў нейкі «сябар» нябожчыка. Ён пытаўся, дзе знаходзіцца цела. Імя таго, хто тэлефанаваў, высьветліць не ўдалося.