Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода дамаглося публікацыі вынікаў аўтапсіі цела былога расейскага міністра


Уладзімір Пуцін і Міхаіл Лесін, 2002
Уладзімір Пуцін і Міхаіл Лесін, 2002

Судзьдзя фэдэральнай акругі Калюмбія (да яе адносіцца сталіца ЗША — Вашынгтон) загадаў гарадзкім уладам Вашынгтону апублікаваць вынікі аўтапсіі і іншыя дакумэнты па справе аб сьмерці былога міністра друку Расеі Міхаіла Лесіна. У лістападзе 2015 году цела Лесіна было знойдзенае ў нумары вашынгтонскага гатэлю. Гэтае рашэньне было прынятае ў адказ на пазоў карпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) да ўладаў сталіцы Злучаных Штатаў у рамках амэрыканскага Закону аб свабодзе доступу да інфармацыі.

Суд у Вашынгтоне падтрымаў запыт карпарацыі RFE/RL да патолягаанатамічнага бюро амэрыканскай сталіцы — апублікаваць вынікі аўтапсіі і іншыя дакумэнты, якія адносяцца да справы пра сьмерць Лесіна, паведамляе расейская служба Радыё Свабода..

Паводле афіцыйнай вэрсіі, сьмерць наступіла ад удару тупым прадметам, што магло быць вынікам падзеньня. Але, на думку некаторых камэнтатараў, гэта не выключае вэрсіі забойства. Ёсьць падставы меркаваць, што Лесін хацеў падзяліцца важнай інфармацыяй зь міністэрствам юстыцыі ЗША.

Патолягаанатамічнае бюро павінна да 20 лютага давесці да ведама грамадзтва таксыкалягічныя справаздачы і электронную перапіску. Мяркуецца, што частка зьвестак, якія носяць канфідэнцыйны характар, можа быць зьнішчаная. Судзьдзя адхіліў довады гарадзкіх уладаў, быццам захаваньне ў таямніцы дэталяў прыватнага жыцьця родных Лесіна важнейшае за грамадзкую цікавасьць да абставінаў яго сьмерці. Судзьдзя таксама не прыняў да ўвагі аргумэнту, што рассакрэчваньне дакумэнтаў можа выставіць у нявыгадным сьвятле вашынгтонскую паліцыю і нават агентаў ФБР, якія праводзілі першапачатковае расьсьледаваньне.

Няясна, ці будуць улады абскарджваць рашэньне суду.

Фота нумару гатэлю, дзе было знойдзенае цела Лесіна, 2015
Фота нумару гатэлю, дзе было знойдзенае цела Лесіна, 2015

У першапачатковай справаздачы прычына сьмерці Міхаіла Лесіна не была названая. Але ў канчатковай вэрсіі, распаўсюджанай у кастрычніку 2016 году пракуратурай і паліцыяй, гаворыцца, што «сьмерць наступіла ў выніку цяжкіх траўмаў шыі, тулава і ніжніх канечнасьцяў, але пры гэтым насіла выпадковы характар, бо траўмы былі выкліканыя падзеньнем». Спадарожным фактарам служыла вострае алькагольнае атручэньне.

Цела Лесіна знайшлі ў гатэлі Dupont Circle, за некалькі кварталаў ад Белага дому, 5 лістапада 2015 году. Партнэры Лесіна сьцьвярджаюць, што гэты гатэль не адпавядаў схільнасьцям бізнэсоўца да раскошы. Да пераезду ў адносна танны гатэль Лесін здымаў нумар у шыкоўным гатэлі Four Seasons ў іншай частцы Вашынгтону. Аднойчы ён зьявіўся там у стане моцнага ап’яненьня, у адказ на што адміністрацыя гатэлю чамусьці выклікала не паліцыю, а супрацоўнікаў Сакрэтнай службы ЗША, якая займаецца аховай прэзыдэнта і бясьпекай фінансавай сыстэмы краіны. Адзін зь іх параіў адміністрацыі трымаць у нумары Лесіна дзяжурнага, каб той нікуды не выпускаў пастаяльца. У гатэлі Dupont Circle Лесін зарэгістраваўся толькі празь дзень пасьля гэтага. Публічна адміністрацыя гасьцініцы Four Seasons не патлумачыла, чаму зьвярнулася да Сакрэтнай службы, а не ў паліцыю.

Адзін зь людзей, знаёмых з хадой справы пра сьмерць Лесіна, лічыць малаверагодным, што той у момант сьмерці быў адзін у сваім гатэльным нумары. На фотаздымках, зробленых паліцыяй, бачная вялікая колькасьць бутэлек з-пад сьпіртнога, пачкі даляравых банкнот і груды пакамечанага адзеньня.

Міхаіл Лесін, 2007
Міхаіл Лесін, 2007

Ад 1999 па 2004 год Міхаіл Лесін займаў пасаду міністра РФ у справах друку. За гэты час ён адыграў бачную ролю ў пераводзе фэдэральных тэлеканалаў, у тым ліку НТВ, пад кантроль Крамля. Лесін таксама быў заснавальнікам тэлеканалу Russia Today. Вялікія грошы бізнэсоўцу прынесла створаная ў 1990-я гады кампанія «Відэа Інтэрнэшнл», якая была буйным гульцом на рэклямным рынку ў краінах былога СССР і ва Ўсходняй Эўропе. Гэтая кампанія пазьней была перайменаваная ў Video International (VI). Яе набыў Юры Кавальчук — асноўны акцыянэр шчыльна зьвязанага з Крамлём банку «Расія».

Адносіны з Крамлём у Лесіна пагоршыліся пасьля 2012 году. У 2014 годзе бізнэсовец прыцягнуў да сябе ўвагу Сэнату ЗША. ФБР даручылі расьсьледаваць яго дзеяньні на прадмет магчымага адмываньня грошай. Лесін валодаў маёнткамі ў дарагім прадмесьці Лос-Анджэлесу —Бэвэрлі-Хілз, а таксама яхтай, якая ацэньваецца ў 40 мільёнаў даляраў. У асабняку жывуць яго дзеці і былая жонка. За некалькі месяцаў да сьмерці бізнэсоўца расейскія СМІ пісалі, што ён быў заручаны з маладой расейскай мадэльлю Вікторыяй Рахімбаевай. Удакладнялася таксама, што яна цяжарная і чакае дзіця ад Лесіна. Дзе цяпер знаходзіцца Рахімбаева, невядома.

Лесін нячаста бываў у Вашынгтоне. Пасьля ягонай сьмерці высьветлілася, што ў лістападзе 2015 году ён прыехаў у сталіцу ЗША дзеля таго, каб наведаць дзелавую вячэру ў Інстытуце Кенана, аналітычным цэнтры, які спэцыялізуецца на Расеі. Мерапрыемства было прызначанае на 3 лістапада, то бок адбылося за два дні да сьмерці Лесіна. Яшчэ адным госьцем на вячэры быў Пётр Авэн, кіраўнік рады дырэктараў Альфа-Банку, які і арганізаваў запрашэньне Лесіна. На наступны дзень, 4 лістапада, Авэн удзельнічаў у мерапрыемстве ў Атлянтычнай радзе. Лесін таксама хацеў атрымаць запрашэньне, але прадстаўнікі гэтай арганізацыі адхілілі ягоны запыт.

У сакавіку выданьне BuzzFeed апублікавала матэрыял, у якім гаворыцца, што Лесіна да сьмерці забілі супрацоўнікі расейскіх сілавых структураў на замову нейкага алігарха, блізкага да прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Пра гэта таксама гаворыцца ў сакрэтнай справаздачы, якую для ФБР падрыхтаваў Крыстафеэ Стыл — былы супрацоўнік брытанскай выведкі і аўтар дасье пра Дональда Трампа.

Выданьне грунтавалася на дадзеных некалькіх крыніцаў, у тым ліку дзелавога партнэра Лесіна і супрацоўнікаў ФБР. Усе яны распавялі BuzzFeed адну і тую ж гісторыю. Паводле суразмоўцаў выданьня, людзей, якія забілі Лесіна, нанялі, каб толькі зьбіць і запалохаць, аднак яны «зайшлі занадта далёка». Імя блізкага да Пуціна алігарха, які арганізаваў напад на Лесіна, BuzzFeed не называе.

Расейскія афіцыйныя асобы мала паведамлялі пра сьмерць Міхаіла Лесіна. Яны толькі заяўлялі ў самым пачатку расьсьледаваньня, што спадзяюцца атрымаць поўную інфармацыю пра гэтую справу ад амэрыканскіх праваахоўных органаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG