Вашынгтон, Вільня... Цяпер і ў Кіеве каля расейскай амбасады адкрылі сквэр імя Нямцова. Відэа

Барыс Нямцоў.

У Кіеве афіцыйна адкрылі сквэр імя расейскага палітыка Барыса Нямцова. Цырымонію наведалі мэр гораду Віталь Клічко, дэпутаты Вярхоўнай рады, старшыня Фонду Барыса Нямцова Ўладзімір Кара-Мурза-малодшы і дачка палітыка Жанна Нямцова, паведамляе DW.

Рашэньне прысвоіць імя Нямцова сквэру ля амбасады прыняла ў лістападзе летась Гарадзкая рада ўкраінскай сталіцы. «За» прагаласавалі ўсе 69 прысутных на пасяджэньні дэпутатаў, супраць не прагаласаваў ніхто. «Аднойчы амбасада Расеі будзе ганарыцца, што менавіта побач зь ёй знаходзіцца сквэр імя Нямцова», заявіў Віталь Клічко на цырымоніі адкрыцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве ля амбасады Расеі будзе сквэр Барыса Нямцова

У сквэры ўстаноўленая мэмарыяльная пліта ў памяць аб расейскім палітыку. На ёй сказана, што Нямцоў выступаў за дэмакратычныя пераўтварэньні ў Расеі і падтрымліваў незалежнасьць і эўрапейскі выбар Украіны.

Барыс Нямцоў быў застрэлены ля сьценаў Крамля 27 лютага 2015 году. Па справе аб забойстве асуджаныя пяцёра меркаваных выканаўцаў. Замоўнікаў злачынства сьледзтва знайсьці не змагло.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перад пасольствам Расеі ў Вільні адкрылі сквэр імя Нямцова

У ЗША ў гонар Нямцова названая плошча ў раёне расейскай дыпмісіі ў Вашынгтоне. Імя расейскага палітыка носіць сквэр насупраць амбасады Расеі ў Вільні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вашынгтоне адкрылі Boris Nemtsov Plaza у трэцюю гадавіну забойства палітыка. ФАТАФАКТ

У Маскве ў памяць аб Нямцове на месцы яго забойства арганізаваны народны мэмарыял, існаваньню якога процідзейнічаюць гарадзкія ўлады. На дамах, дзе жыў апазыцыянэр у Маскве і ў Ніжнім Ноўгарадзе, устаноўленыя мэмарыяльныя шыльды.