«Табакерка» — не тытунёвы выраб. Улады Слоніму ня будуць прыбіраць цыгарэтныя кіёскі

Кіёск «Табакерка» у Слоніме

Слонімскі райвыканкам адказаў на пэтыцыю, якая заклікала прыбраць з гораду яткі «Табакерка» і «Тытунь», а таксама спыніць «масавую прапаганду» курэньня ў Слоніме. Пэтыцыю падпісалі 312 карыстальнікаў сайту Petitions.by.

Спойлер: Чыноўнікі лічаць, што табакерка — не зьяўляецца найменьнем тытунёвага вырабу, таму кіёскі з такой назвай дазволеныя.

Што было ў пэтыцыі?

  1. «Табакеркі» ўсталёўваюцца на прыпынках грамадзкага транспарту побач са школамі, дзіцячымі садкамі, установамі гандлю і аховы здароўя. Гэта дыскрэдытуе здаровага ладу ладу жыцьця і абнуляе папярэднія вынікі дзяржавы, скіраваныя на зьмяншэньне ўзроўню спажываньня тытуню. Таксама кіёскі супярэчаць дзяржаўнай праграме «Здароўе народу і дэмаграфічная бясьпека Рэспублікі Беларусь у 2016-2020 годзе».
  2. Гандлёвыя аб’екты з назвамі «Табакерка» і «Тытунь» — зьяўляюцца «прамой рэклямай» цыгарэт і іншых тытунёвых вырабаў. Гэта накіравана на павелічэньне спажываньня тытунёвых вырабаў.
  3. Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, ужываньне тытуню зьяўляецца адным з асноўных фактараў для разьвіцьця хранічных захворваньняў, рак, захворваньні лёгкіх і сардэчна-сасудзістыя захворваньні.
  4. Пасіўнае паленьне павялічвае рызыку ішэмічнай хваробы сэрца на 25-30%.
  5. Паводле «Зялёнага парталу», у Беларусі ад хвароб, зьвязаных з паленьнем штогод памірае каля 15,5 тысяч чалавек (42 чалавекі штодня).

Як адказаў райвыканкам?

  1. Райвыканкам не адказаў на аргумэнт пра супярэчаньне шапікаў «Табакерка» і «Тытунь» дзяржаўнай праграме здароўя і дэмаграфічнай бясьпекі.
  2. Паводле адказу забаронена выкарыстаньне на шыльдах гандлёвых абʼектаў тоесных ці падобных слоў з найменьнямі тытунёвых вырабаў. Чыноўнікі лічаць, што табакерка — не зьяўляецца найменьнем тытунёвага вырабу, таму кіёскі з такой назвай дазволеныя. Але называць гандлёвыя абʼекты словам «тытунь» забараняецца.
  3. У пэтыцыі таксама прасілі прыбраць шапікі «Тытунь». Гэтыя шапікі райвыканкам у сваім адказе не закрануў.

Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»​

У кастрычніку 2018 году Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.

Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.

У сьнежні 2017-га Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Ад жніўня 2018 году «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

«Энэрга-Оіл» — другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.

У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займаў 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў 2019 году. У ліку ягоных актываў былі беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.

Пасьля пагрозы ўвядзеньня санкцый супраць Аляксея Алексіна ў 2020 годзе ён выйшаў з складу ўласьнікаў «Энэрга-Ойл» і «Белнафтагазу». Асноўнымі акцыянэрамі «МТБанку» цяпер запісаныя ягоныя сыны Віталь і Дзьмітрый і іх маці Іна — яны валодаюць больш як 99% акцый банку.