Сэрбская праваслаўная царква не прызнае аўтакефалію Ўкраіны — СМІ
Патрыярх Сэрбскай праваслаўнай царквы Ірыней (зьлева)
Сэрбская праваслаўная царква (СПЦ) не прызнае Праваслаўную царкву Ўкраіны — пра гэта, як паведамляе бялградзкая праўладная газэта «Палітыка», гаворыцца ў лісьце, які накіравалі да ўсіх праваслаўных цэркваў.
У матэрыяле не пазначана, калі і на якім узроўні было прынята такое рашэньне.
Сэрбская праваслаўная царква «лічыць некананічным уварваньне сусьветнага патрыярха Варфаламея на тэрыторыю Расейскай праваслаўнай царквы і яго рашэньне ў сувязі з Украінай».
Праваслаўную царкву Ўкраіны СПЦ называе «штучнай канфэдэрацыяй раскольніцкіх структур».
Кіеўскую мітраполію «ніяк нельга атаясамліваць з цяперашняй Украінай, паколькі яна знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Маскоўскага патрыярхату яшчэ ад 1686», гаворыцца ў лісьце.
Аўтары ліста замоўчваюць факт, што Кіеўская мітраполія была ўжо некалькі стагодзьдзяў перад тым, як была падпарадкавана маскоўскай царкоўнай уладзе.
У лісьце ўдакладняецца, што СПЦ прызнае толькі Ўкраінскую праваслаўную царкву, якую ўзначальвае мітрапаліт Ануфрый, і якая знаходзіцца ў складзе Маскоўскага патрыярхату. Сэрбская царкву «рэкамэндуе» усім сваім сьвятарам устрымацца ад літургічных і кананічных зносін са «спадаром Эпіфаніем і ўсімі, хто знаходзяцца зь ім у адзінстве».