Такога няма нідзе. Гэты беларускі абрад можна пабачыць раз на год і толькі ў адной вёсцы

Абрад Чырачка, вёска Тонеж Лельчыцкага раёну

У апошні дзень масьленічнага тыдня, на восьмы тыдзень пасьля праваслаўных Калядаў беларусы зьбіраюцца на «Чырачку». Так праводзяць зіму і гукаюць вясну, гуляюць у старажытныя беларускія гульні — «грушка» і «яшчур», сьпяваюць песьні і водзяць карагоды.

Сапраўдную «Чырачку» можна пабачыць толькі ў адным месцы Беларусі — у вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёну.

«Агу, вясна, агу, красна! Што ты нам прынясла? Старым бабкам па кіёчку, А дзевачкам па вяночку...»

Да сьвята рыхтуюцца загадзя, у суботу. Тутэйшыя гаспадыні выпякаюць печыва ў форме чырачак, маленькіх качачак, якія, са слоў танежукоў, на крылах прыносяць вясну.

Гэтымі чырачкамі частуюць усіх сустрэтых вяскоўцаў і гасьцей. Абавязкова рыхтуюць розныя масьленічныя стравы: абаранкі, ромбікі, пякуць бліны ў печы і гатуюць кашу, пампушкі, смажаныя скваркі і кілбасы. Нясуць хатнія сыры і яечню, прасяную кашу ў чыгунках.

Танежукі зьбіраюцца разам і рушаць на ўскраек вёскі, да пагорку, дзе расьце дуб і дзе штогод гукаюць вясну. У гэтым рэгіёне (на Тураўшчыне. — РС) таксама ёсьць традыцыя на закліканьне зімы ўпрыгожваць маленькую ялінку папяровымі кветкамі і стужачкамі. Малыя хлопчыкі і дзяўчаткі нясуць елку і ляльку зімы наперадзе вяскоўцаў.

Сьледам маладыя дзяўчаты ў традыцыйных строях і мясцовыя харысткі, сталыя кабеты, на возе вязуць пачастункі і сьпяваюць веснавыя песьні.

Елку ўмацоўваюць на галінках высокага дуба, каб вітаць першых птушак, якія вярнуліся з выраю. Побач з дубам паляць і ляльку зімы.

Сталыя кабеты згадваюць, што калі яны былі маленькімі дзяўчатамі, то з чырачкамі лазілі на стрэхі хлеўчукоў і вялікія копы сена. Адтуль, узьняўшы рукі з чырачкамі ўгору, заклікалі птушачак, каб тыя прынеслі хутчэй вясну.

«Чырачка» ў Тонежы знакамітая традыцыяй «куляньня з гары». Гэта ці ня самая вясёлая і незвычайная частка абраду. Тут і дзеці, і старыя куляюцца паасобку і парамі.

Сёлета самай сталай удзельніцай была вядомая сьпявачка Хвядора Маркевіч. У свае 84 гады яна тройчы кульнулася з гары праз галаву, а пасьля яшчэ і зь дзедам на пару. Хвядора ўпэўненая, што таму, хто куляецца, ня будзе балець сьпіна ўвесь год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабуля Хвядора зь вёскі Тонеж: «Я два разы кульнулася з гары — для весялосьці»

Пачастункі складаюць да дрэва і пачынаюць вадзіць карагоды, сьпяваць, вясну заклікаць. Абавязкова гуляюць у беларускія народныя гульні — «грушку» і «яшчур».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будслаўскі фэст рэкамэндавалі ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі ажанілі комін
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісанкі і валачобнікі. Як адрозьніваюцца ўкраінскія велікодныя традыцыі ад беларускіх