Сёлета ўручаць дзьве Нобэлеўскія прэміі ў галіне літаратуры

Нобэлеўскі камітэт уручыць прэмію ў галіне літаратуры за 2018 і 2019 гады

Швэдзкая акадэмія, як і плянавалася, сёлета ўручыць адразу дзьве літаратурныя Нобэлеўскія прэміі — за 2018 і 2019 гады.

«Рада дырэктараў Нобэлеўскага фонду лічыць, што крокі, якія Швэдзкая акадэмія зрабіла і мае намер зрабіць, створаць добрыя магчымасьці для аднаўленьня даверу да Акадэміі як установы, якая прысуджае ўзнагароду», — гаворыцца ў паведамленьні фонду.

У 2018 годзе Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры не ўручалі з прычыны сэксуальнага скандалу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскі тыдзень – 2018. Сёлета безь ляўрэата ў літаратуры — праз сэкс-скандал

Фатографа Жана-Клёда Арно, мужа члена Швэдзкай акадэміі і паэткі Катарыны Фростэнсан, абвінавацілі ў згвалтаваньні і сэксуальных дамаганьнях і асудзілі на два гады турмы.

На фоне скандалу стала вядома, што Арно і некаторыя іншыя члены акадэміі раскрывалі імёны ляўрэатаў прэміі да іх афіцыйнага абвяшчэньня.

Арно, які кіраваў культурным праектам пры фінансавай падтрымцы Швэдзкай акадэміі навук, адхіліў абвінавачаньні ў дамаганьнях і ў тым, што выдаваў імёны ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Створаны новы Нобэлеўскі камітэт па літаратуры