Амэрыканцы лічаць Расею галоўным ворагам і «крытычнай пагрозай» для ЗША

Ілюстрацыйная выява ©Shutterstock

Амаль траціна амэрыканцаў лічаць Расею галоўным ворагам ЗША. Больш за 50% ўпэўненыя ў існаваньні «крытычнай пагрозы» з боку Масквы.

Згодна з вынікамі праведзенага з 1 па 10 лютага кампаніяй Gallup апытаньня грамадзкай думкі, 52% рэспандэнтаў заявілі, што вайсковая моц Расеі ўяўляе крытычную пагрозу для ЗША, яшчэ 39% назвалі яе важнай, але не крытычнай пагрозай. Вынікі апытаньня апублікаваныя на сайце кампаніі.

У справаздачы таксама гаворыцца, што прадстаўнікі дэмакратаў часьцей называюць Маскву галоўным ворагам, чым рэспубліканцы. Згодна з апытаньнем — 65 % дэмакратаў і 46% рэспубліканцаў прытрымліваюцца гэтага меркаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць апытаных амэрыканцаў не ўхваляюць палітыку Трампа ў дачыненьні Расеі

Апытаных таксама папрасілі назваць краіну, якую яны лічаць галоўным ворагам ЗША. На першым месцы апынулася Расея — яе назвалі 32% удзельнікаў апытаньня. На другім месцы — Кітай (назвалі 21% апытаных), на трэцім — Паўночная Карэя, якую лічаць галоўным ворагам 14% амэрыканцаў, на чацьвертым — Іран (9%).

Для параўнаньня, у мінулым годзе Паўночную Карэю называлі галоўным ворагам ЗША 51% амэрыканцаў, Расею — толькі 19%.

2% апытаных заявілі, што галоўным ворагам ЗША зьяўляюцца самі ЗША.

Спіс галоўных ворагаў ЗША Расея ўзначаліла не ўпершыню — гэта адбылося ў 2015 годзе, але тады да Расеі так ставіліся толькі 15% апытаных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнымі ворагамі расейцы назвалі ЗША, Украіну і Эўразьвяз

Тэлефоннае апытаньне кампанія Gallup праводзіла зь 1 па 10 лютага, рэспандэнтамі сталі 1016 жыхароў ЗША старэйшыя за 18 гадоў з усіх 50 штатаў ЗША і з акругі Калюмбія. Паводле сацыёлягаў, хібнасьць выбаркі складае ± 4 % пры ўзроўні дакладнасьці 95%.

Апытаньне супала па часе з заявай адміністрацыі Трампа аб выхадзе ЗША з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (ДРСМД). Вашынгтон абгрунтаваў свой крок тым, што Масква не выконвае ўмоваў пагадненьня.

Што важна ведаць пра дамову аб ліквідацыі РСМД

ЗША 2 лютага пачалі выходзіць з Дамовы аб ліквідацыі РСМД. У адказ на гэта Ўладзімір Пуцін 2 лютага заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове.

  • Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
  • Масква абвяргае ўсе абвінавачаньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дамовай.