У Расеі ў Чачні і Інгушэціі 23 лютага праходзяць жалобныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 75-й гадавіны сталінскай дэпартацыі чачэнцаў і інгушоў.
У Грозным і іншых гарадах Чачні Дзень памяці і смутку, які доўгі час афіцыйна адзначаўся 23 лютага, з красавіка 2011 году быў забаронены. Сёлета Рамзан Кадыраў дазволіў правесьці жалобны сход і рэлігійныя абрады, паведамляе партал «Кавказский узел».
Сам Кадыраў у суботу правёў урачысты сход ваенных і паліцыі, прысьвечаны Дню абаронцы Айчыны, але згадаў на ім і дэпартацыю, заявіўшы, што дата 23 лютага з ёй непарыўна зьвязаная.
- У 2012 годзе кіраўнік Чачні перанёс Дзень памяці і смутку на 10 траўня — дату пахаваньня свайго бацькі, былога прэзыдэнта Чачні Ахмата Кадырава. Некалькі гадоў у Чачні 23 лютага можна было адзначаць толькі агульнарасейскія сьвяты, у прыватнасьці, Дзень абаронцы Айчыны.
У Інгушэціі ў гэтую суботу адбыўся афіцыйны жалобны мітынг каля Мэмарыялу памяці і славы ў Назрані. У гэтым мерапрыемстве традыцыйна бяруць удзел прадстаўнікі кіраўніцтва рэспублікі і духавенства. «Кавказ. Реалии» піша, што на сёньняшняй акцыі кіраўніка рэспублікі Юнус-Бека Еўкурава асьвісталі за тое, што ён пачаў свой выступ з віншаваньняў зь Днём абаронцы Айчыны. Нельга «адзначаць вясельле і пахаваньне ў адзін дзень», заявілі пратэстоўцы.
Успаміны дэпартаваных з Інгушэціі можна прачытаць на сайце Настоящего времени.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інгушэтыі і ў сьвеце ўшаноўваюць ахвяр дэпартацыі чачэнцаў і інгушоў. У Чачні Дзень смутку скасаваліМясцовыя актывісты таксама хацелі правесьці 23 лютага Марш сыноў дэпартаваных народаў Каўказу, але яго арганізатара ўчора арыштавалі на трое сутак паводле адміністрацыйнага пратаколу аб няўзгодненай акцыі.
У Маскве ў Сахараўскім цэнтры сёньня адкрылася выстава работ чачэнскага мастака Рустама Яхіханава, прымеркаваная да 75-годзьдзя сталінскай дэпартацыі чачэнскага і інгускага народаў. Пра гэта паведамляе сайт «Кавказ. Реалии». Мастак плянуе дапаўняць кожную наступную выставу новымі карцінамі і такім чынам зьвязаць гісторыю дэпартацыі народа, ссылку і вяртаньне на радзіму. Пасьля Масквы і Санкт-Пецярбургу фотавыстава павінна прайсьці ў Казахстане.
Акцыі памяці ахвяраў сталінскай дэпартацыі праходзяць 23 лютага ня толькі на тэрыторыі Расеі, але і за яе межамі, у прыватнасьці, у краінах Эўразьвязу і ЗША.
- 23 лютага 1944 году пачалася дэпартацыя амаль 650 тысяч інгушоў і чачэнцаў у Сярэднюю Азію і Казахстан. Вярхоўны Савет СССР матываваў сваё рашэньне тым, што ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны многія чачэнцы і інгушы нібыта пераходзілі на бок фашысцкай Нямеччыны, а таксама выступалі супраць савецкай улады.
- Дэпартацыя праводзілася сіламі сіламі НКВД і «СМЕРШ» пад агульным кіраўніцтвам наркама ўнутраных спраў Лаўрэнція Бэрыі. Палова дэпартаваных загінулі ў дарозе. У 1957 году выжылым дазволілі вярнуцца дадому.
- У 2004 годзе Эўрапарлямэнт прызнаў дэпартацыю чачэнцаў і інгушоў актам генацыду.