Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 ЛЮТАГА – ТРАГІЧНЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ ЧАЧЭНСКАГА І ІНГУШСКАГА НАРОДАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Цягам апошняй чачэнскай вайны адбываецца так званая самадэпартацыя чачэнцаў. Людзі намагаюцца здабыць спакой і ў былых краінах СССР, але далёка не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Раней на рынках Менску можна было сустрэць шмат прадстаўнікоў з Каўказу, у тым ліку і чачэнцаў. Чаму сёньня ў Менску амаль не засталося чачэнцаў? Супрацоўнікі міліцыі не аднойчы затрымлівалі сярод так званых “нелегалаў” чачэнцаў, якія імкнуліся перайсьці заходнюю мяжу. А ці ёсьць выпадкі, калі чачэнцы атрымалі прытулак і сталі грамадзянамі Беларусі?

У Менску ёсьць некалькі сем’яў чачэнцаў, якія набылі нерухомасьць у Менску і працуюць тут у камэрцыйных фірмах. Яны прыехалі да сваякоў і засталіся ў Беларусі на сталы побыт. Але гэта 7-8 сем’яў. Праваахоўныя органы зрабілі сваю справу, і на рынках цяпер ня так шмат каўказцаў. Ажыцьцяўляліся адміністрацыйныя санкцыі за парушэньні тэрмінаў рэгістрацыі іншаземцаў, а часам чачэнцы сутыкаліся з абразамі і з вымагальніцтвамі з боку праваахоўчых органаў. Цяпер на рынках працуюць у асноўным азэрбайджанцы і дагестанцы. Я размаўляла з многімі зь іх, і яны ўсе мне казалі, што паважаюць чачэнцаў. Жанчыны, якія гандлююць марынаваным часнаком і баклажанамі, прыехалі ў Менск з Дагестану. Яны распавялі мне, што чачэнцы лічаць ганебным гандляваць, што яны надаюць перавагу працы ў іншых сфэрах.

Каўказцы тлумачаць такое стаўленьне прадстаўнікоў беларускіх уладаў да чачэнцаў уплывам расейскіх СМІ на беларусаў. Тым больш, што там распавядаюць пра тэракты ў самой Маскве, а пра чачэнцаў-ахвяраў вайны і пра “зачысткі” ў самой Ічкерыі ня кажуць.

Цікава, што гісторыя рэпрэсіяў чачэнскага народу папросту містычна супадае з датамі рэпрэсіяў народу беларускага. 23 лютага 1944 г. адбылася апошняя, дзявятая, дэпартацыя чачэнцаў. Расея з 18-га стагодзьдзя праводзіць палітыку калянізацыі Чачэніі. Першая дэпартацыя адбылася ў 1792 г. пасьля зьнішчэньня дзяржавы шэйха Мансура. У 1831-32 гг. – пасьля разгрому паўстаньня пад кіраўніцтвам Таймі Бійболта. Пятая дэпартацыя ў 1864 годзе пасьля Аргунскага паўстаньня. Расейскі генэрал Ярмолаў кіраваў расейскім войскам на Каўказе з 1816 па 1827. Нічым не адрозьніваўся ад тагачаснага губэрнатара Мураўёва ў Беларусі. Ён пісаў: “Я не супакоюся да тае пары, пакуль не застанецца ў жывых ніводнага чачэнца.” У 1949 годзе, калі ўвесь чачэнскі народ знаходзіўся ў дэпартацыі, яму паставілі бронзавы помнік і выбілі на ім гэтыя словы. А цяпер… Сакрэтны ўказ Чарнамырдзіна ў 1994 годзе аб эвакуацыі чачэнцаў у розныя рэгіёны Расеі амаль выкананы. Чачэнскія ўцекачы з-за палітыкі расейскай арміі ня могуць вярнуцца на радзіму, а тым, хто застаўся, няма ніякай гарантыі на жыцьцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG