Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў у Telegram аб затрыманьні генэральнага дырэктара ААТ «Кіроўная кампанія холдынгу „Лідсяльмаш“». Імя затрыманага не называецца, на сайце кампаніі генэральным дырэктарам значыцца Юры Вашкевіч.
Падрабязнасьці затрыманьня і абвінавачаньняў не паведамляюцца. На прадпрыемстве затрыманьне не пацьвярджаюць і не абвяргаюць: як сказалі журналісту Tut.by, Вашкевіч «хварэе». Яго прызначэньне гендырэктарам «Лідсяльмашу» ў 2013 годзе ўхваліў Аляксандар Лукашэнка.
Паводле СК, дзеяньні абвінавачанага кваліфікаваныя паводле ч.4 арт. 210 КК РБ — гэта крадзеж у асабліва буйным памеры шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. За яго прадугледжваецца пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лепей не раскрыць злачынства, чым пакараць невінаватага. 4 цытаты Лукашэнкі пра сьледчых і пракуратуру«Лідсяльмаш» вырабляе сельскагаспадарчую тэхніку, зернесушылкі, радыятары і іншае. На заводзе «Лідсяльмаш» ня раз наракалі на нізкія заробкі. У холдынг уваходзць таксама Ваўкавыскі машынабудаўнічы завод, «Лідааграпраммаш», «Мазырсяльмаш» і «Менскаграпраммаш».
Тым часам міні-футбольны клюб «Лідсяльмаш» — адзін з самых пасьпяховых у Беларусі, чатырохразовы чэмпіён краіны (апошні раз у сэзоне 2017–18) і двухразовы ўладальнік кубка Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка запатрабаваў не выпускаць карупцыянэраў з турмы. А каго ўжо выпусьцілі?