Прэзыдэнт Трамп падпісаў указ аб стварэньні Касьмічных войскаў

Прэзыдэнт ЗША падпісаў «Палажэньне аб палітыцы ў галіне космасу-4 (SPD-4)» днём 19 лютага ў Белым доме

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў 19 лютага распараджэньне аб стварэньні новага віду ўзброеных сіл ЗША — Касьмічных войскаў. Копія «Палажэньня аб палітыцы ў галіне космасу-4 (SPD-4)» апынулася ў распараджэньні «Голасу Амэрыкі» напярэдадні падпісаньня дакумэнта прэзыдэнтам.

У дакумэнце гаворыцца, што Касьмічныя войскі засноўваюцца для «адбіваньня агрэсіі і абароны нацыянальных інтарэсаў» у космасе. «Патэнцыйныя праціўнікі цяпер разьвіваюць свае магчымасьці ў сфэры космасу і актыўна распрацоўваюць спосабы процідзеяньня... у выпадку крызісу або канфлікту», — дадаюць аўтары стратэгіі.

У дакладзе, апублікаваным Агенцтвам вайсковай выведкі на мінулым тыдні, у якасьці асноўных патэнцыйных праціўнікаў ЗША зноў былі названыя Расея і Кітай. У агенцтве сьцьвярджаюць, што Масква і Пэкін ужываюць цэлы шэраг мераў для барацьбы з ЗША ў космасе, у тым ліку, распрацоўваючы «узброеныя спадарожнікі, энэргетычную зброю і назіральныя сеткі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка ЗША: Расея і Кітай уяўляюць галоўную пагрозу

Як паведамілі прадстаўнікі Пэнтагону, Касьмічныя войскі засноўваюцца ў дадатак да касьмічнага камандаваньня, аб стварэньні якога ўпершыню стала вядома ў сьнежні 2018 году.

Паводле высокапастаўленых вайскоўцаў, Касьмічныя войскі зоймуцца выкананьнем іншай задачы, а менавіта, арганізацыяй, навучаньнем і ўзбраеньнем вайсковых падразьдзяленьняў, якія падтрымліваюць нацыянальную бясьпеку ў космасе. Касьмічнае камандаваньне будзе арганізоўваць апэрацыі і кіраваць прымяненьнем вайсковай сілы ў космасе.

«Нам патрэбны абедзьве (структуры). Ня думаю, што адна пашкодзіць іншай», — заявіў адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс: касьмічныя войскі ў ЗША будуць створаныя да 2020 году

У падпісаным Трампам указе гаворыцца, што Пэнтагон прадставіць бюджэт Касьмічных войскаў на працягу бліжэйшых 180 дзён. Прапановы аб зьмене функцый Касьмічнага камандаваньня ўнясуць у бліжэйшыя 90 дзён.

У праекце, які цяпер ёсьць у распараджэньні «Голасу Амэрыкі», зьмяшчаецца папярэдняя ацэнка гадавога бюджэту новага віду Ўзброеных сіл — каля 73 млн даляраў у год на працягу першых пяці гадоў.

З 1985 па 2002 год у ЗША ўжо існавала Касьмічнае камандаваньне, якое было скасавана пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году. Пасьля гэтага было заснаванае Паўночнае камандаваньне, сфакусаванае на задачы абароны тэрыторыі краіны.