16 амэрыканскіх штатаў падалі ў суд на Дональда Трампа

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Некалькі штатаў ЗША падалі ў суд на прэзыдэнта Дональда Трампа, абвінаваціўшы яго ў стварэньні канстытуцыйнага крызісу, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Штаты Каліфорнія, Каларада, Канэктыкут, Дэлавэр, Гаваі, Ілінойс, Мэн, Мэрылэнд, Мінэсота, Нэвада, Нью-Джэрсі, Нью-Мэксыка, Нью-Ёрк, Арэгон, Вірджынія і генэральны пракурор Мічыгану падалі калектыўны пазоў супраць прэзыдэнта ЗША і высокапастаўленых супрацоўнікаў яго адміністрацыі.

Пазоўнікі сьцьвярджаюць, што, насуперак волі Кангрэсу ЗША, прэзыдэнт выкарыстаў «падставу штучна створанага „крызісу“, зьвязанага зь незаконнай іміграцыяй, для абвяшчэньня надзвычайнага становішча».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Указ Трампа аб надзвычайным становішчы: абурэньне дэмакратаў і пазоў тэхаскіх землеўладальнікаў

У дакумэнце гаворыцца, што фэдэральныя сродкі, выдзеленыя на барацьбу з наркотыкамі, для вайсковага будаўніцтва і ініцыятываў у праваахоўнай сфэры, цяпер будуць накіраваныя на будаўніцтва сьцяны на мяжы ЗША і Мэксыкі. Будаўніцтва сьцяны ўздоўж паўднёвых межаў Каліфорніі і Нью-Мэксыка нанясе непапраўную шкоду прыродным рэсурсам гэтых штатаў.

«Як прызнаўся прэзыдэнт, ва ўвядзеньні надзвычайнага становішча не было неабходнасьці, — гаворыцца ў судовым пазове. — Зьвесткі фэдэральнага ўраду даказваюць, што на паўднёвай мяжы няма надзвычайнай сытуацыі, якая б апраўдвала будаўніцтва сьцяны».

Пазоўнікі таксама цытуюць дадзеныя Службы мытнага і памежнага кантролю ЗША, якія дэманструюць, што незаконнае перасячэньне мяжы знаходзіцца на мінімуме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў пра абвяшчэньне надзвычайнага становішча

«Дзяржаўны дэпартамэнт прызнае, што не хапае пэўных доказаў таго, што тэрарысты выкарыстоўваюць паўднёвую мяжу для ўезду ў ЗША. Фэдэральныя дадзеныя пацьвярджаюць, што імігранты радзей робяць злачынствы, чым амэрыканцы, якія нарадзіліся ў ЗША», — гаворыцца ў пазове.

На мінулым тыдні праваабарончая арганізацыя Public Citizen і Цэнтар біялягічнай разнастайнасьці падалі асобныя пазовы ў акруговы суд ЗША ў амэрыканскай сталіцы, сьцьвярджаючы, што надзвычайнае становішча Трампа зьяўляецца неканстытуцыйным.