Гамельчуку, які парэзаў траіх міліцыянтаў, прысудзілі 13,5 года турмы

Мікіта Бас, архіўнае фота

Гомельскі абласны суд агучыў рашэньне па крымінальнай справе Мікіты Баса. 24-гадовы жыхар абласнога цэнтру ўвесну пры затрыманьні парэзаў траіх міліцыянтаў. Яму прысудзілі 13,5 года пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага тыпу.

Віны ў спробе забойства ён не прызнаваў. Казаў, што абараняўся з дапамогай нажа ад незнаёмых. Прызнаваў, што зьбег з «хіміі», тым самым «ухіліўся ад адбыцьця пакараньня», бо не хацеў трапіць у папраўчую калёнію.

У апошнім слове абвінавачаны заўважыў, што пазбаўленьне волі не дапамагае чалавеку выправіцца, і чым большы тэрмін зьняволеньня, тым цяжэй чалавеку потым вярнуцца да нармальнага жыцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усьміхаецца на судзе. Жыхар Гомля ўцёк з «хіміі» і параніў трох міліцыянтаў

Што здарылася

Мікіта Бас увесну 2018 году зьбег з «хіміі» ў Шклове, дзе адбываў пакараньне за наркотыкі. Яго шукалі паўтара месяца. У траўні 2018 году апэратыўнікі спрабавалі затрымаць Баса ў гарадзкім тралейбусе № 20. Ён аказаў супраціў і парэзаў траіх міліцыянтаў. Адзін з параненых быў на мяжы сьмерці праз пашкоджаньне буйнога сасуду і вялікай страты крыві. Яго ўратавала тое, што адзін з пасажыраў пасьпеў накласьці жгут на нагу, а «хуткая дапамога» не забавілася.

Зь месца здарэньня Мікіта Бас уцёк, пераплыў Сож. На досьвітку яго заўважылі ў рацэ супрацоўнікі АМАП і падстрэлілі. Ён атрымаў раненьні ног.

Жыхара Гомля абвінавачвалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — замах на забойства і ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня.

На «хіміі» ён стаяў на ўліку як «асоба, схільная да экстрэмізму» — з прычыны захапленьня ісламам. За неаднаразовыя парушэньні рэжыму атрымліваў спагнаньні. Яго папярэджвалі, што «хімію» могуць замяніць на рэальнае пазбаўленьне волі ва ўмовах папраўчай калёніі.

У красавіку Мікіта Бас быў пакараны арыштам на 10 сутак. Але перад гэтым яго зьмясьцілі ў шпіталь — каб спраўдзіць, ці дазваляе стан здароўя знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Са шпіталя абвінавачаны зьбег.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто а 4-й раніцы можа напасьці і зьбіваць?» — жонка мазыраніна, які парэзаў міліцыю ў цывільным. ВІДЭА