Эўразьвяз гатовы зьмяніць палітычную дэклярацыю аб Брэксыце, але не дамову

Тэрэза Мэй і Жан-Клёд Юнкер. 7 лютага 2019 году.

Эўрапейскі Зьвяз і Вялікабрытанія працягнуць перамовы ў справе выхаду Брытаніі з ЭЗ, але Брусэль адхіляе магчымасьць унясеньня зьменаў у раней ўзгоднены тэкст пагадненьня аб Брэксыце.

Пра гэта гаворыцца ў заяве па выніках сёньняшняй сустрэчы прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй і кіраўніка Эўракамісіі Жана-Клёда Юнкера ў Брусэлі.

Пры гэтым Юнкер падкрэсьліў, што можа быць зьменены тэкст палітычнай дэклярацыі, якая суправаджае пагадненьне, калі такія зьмены будуць спрыяць таму, каб брытанскі парлямэнт ухваліў дамову аб Брексыце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Туск кажа пра «асаблівае месца ў пекле» для тых, хто прасоўваў Брэксыт бяз пляну

Раней Палата грамадаў выказала гатоўнасьць зрабіць гэта пры ўмове, што Мэй зможа зьмяніць дамоўленасьці ў пытаньні аб мяжы паміж Паўночнай Ірляндыяй і Ірляндзкай рэспублікай. Няясна, ці зможа задаволіць брытанскіх дэпутатаў патэнцыйныя зьмены ў палітычнай дэклярацыі, а не ў самой дамове.

На 14 лютага ў брытанскім парлямэнце намечана чарговае галасаваньне па пытаньні аб Брэксыце. Пакуль у кабінэта Мэй няма большасьці для таго, каб ўхваліць пагадненьне з ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэрэза Мэй папярэдзіла парлямэнт, што адмова ад Брэксыту прывядзе да нестабільнасьці ў краіне

Лідэр апазыцыйных лейбарыстаў Джэрэмі Корбін напярэдадні накіраваў Мэй ліст, у якім паабяцаў падтрымаць урад па пытаньні аб Брэксыце, калі ён паабяцае захаваць сяброўства Брытаніі ў мытным саюзе з ЭЗ і выканае яшчэ шэраг умоў.

Выхад Брытаніі з Эўразьвязу намечаны на 29 сакавіка. Няясна, як ён будзе аформлены, калі да гэтага моманту пагадненьне аб Брэксыце ня будзе ўхвалена брытанскім парлямэнтам.