У парнаграфічных роліках беларус і ўкраінцы здымалі 5-гадовае дзіця

Сьледчы камітэт Беларусі расьсьледуе крымінальную справу аб вырабе матэрыялаў парнаграфічнага характару.

Як паведамляецца на сайце ведамства, у верасьні 2018 году Дэпартамэнт кібэрпаліцыі Ўкраіны праінфармаваў беларускія праваахоўныя органы пра асобу, якая можа мець дачыненьне да вырабу парнаграфічных матэрыялаў.

Атрыманыя зьвесткі былі правераныя супрацоўнікамі МУС Беларусі. Падазраваным стаў 40-гадовы мянчук.

Сьледчым камітэтам па факце вырабу, рэклямаваньня і распаўсюду парнаграфічных матэрыялаў з выявай малалетніх пачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 343-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Сёлета 5 лютага мужчыну затрымалі. Ён працуе кіраўніком аддзелу ў адной з арганізацый і раней да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэдафілія ў Беларусі ў эпоху сацсетак. Самыя рэзанансныя справы і парады, як засьцерагчы дзяцей

Паводле сьледзтва, у 2017 годзе падазраваны займаўся стварэньнем сцэнарыяў фільмаў парнаграфічнага зьместу, а двое жыхароў Украіны выраблялі відэаролікі з удзелам малалетняга. Выяўлены выпадак, калі ў здымках удзельнічала пяцігадовае дзіця. Адзьнятыя відэаматэрыялы разьмяшчаліся на спэцыялізаваных сайтах, для кансьпірацыі пры разліках падазраваны выкарыстоўваў «крыптакашалёк».

На месцы жыхарства падазраванага праведзены ператрус, канфіскаваныя кампутарная тэхніка і электронныя носьбіты з інфармацыяй.