Сьледчы камітэт усьлед за пракуратурай адмовіўся правяраць выказваньні кіраўніка МУС Шуневіча

Ігар Шуневіч у форме НКВД, архіўнае фота

Бо ў яго выказваньнях няма «аб’ектыўных дадзеных, якія ўказваюць на наяўнасьць прыкмет злачынства».

У Сьледчым камітэце вырашылі, што выказваньні міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ня варта правяраць, паведамляе БелаПАН. Гаворка ідзе пра яго інтэрвію тэлеканалу АНТ, дзе міністар назваў прадстаўнікоў ЛГБТК+ «дзіравымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы патрабуюць прыцягнуць міністра Шуневіча да крымінальнай адказнасьці

Адпаведны адказ на свой зварот атрымалі праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі. Паводле Сьледчага камітэту, у выказваньнях міністра няма «аб’ектыўных дадзеных, якія ўказваюць на наяўнасьць прыкмет злачынства».

Таксама ў Сьледчым камітэце ўдакладнілі, што ў заяве Шуневіча «фармулёвак, фраз і выразаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці або розьні, ня выяўлена».

Раней правяраць выказваньні Шуневіча адмовілася Генэральная пракуратура, куды таксама зьвярталіся праваабаронцы.

Праваабаронцы ж лічаць, што такія выказваньні — «падбухторваньне да дыскрымінацыі, варожасьці да грамадзянаў краіны па дыскрымінацыйнай прыкмеце — сэксуальнай арыентацыі, (яны) фармуюць непрыязнасьць, пачуцьцё агіды, нянавісьці і варожасьці да прадстаўнікоў дадзенай групы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шуневіч патлумачыў, што значыць «жэстачайшая лібэралізацыя»