Расейскі самалёт, які вылецеў напярэдадні з Каракаса, прызямліўся ў маскоўскім аэрапорце Ўнукава. Гэта вынікае з дадзеных рэсурсу FlightRadar.
Пацьверджанай інфармацыі пра мэты гэтага рэйса, а таксама пра груз і пасажырах «Боінга-777» авіякампаніі Nordwind усё яшчэ няма.
У мінулы аўторак дэпутат вэнэсуэльскага парлямэнта Хасэ Гэра заявіў, што Цэнтральны банк плянуе вывезьці з краіны 20 тон золата, як мяркуецца, — рэйсам расейскай авіякампаніі.
Крыніца выданьня Bloomberg паведаміла, што Цэнтрабанк краіны сапраўды падрыхтаваў да адгрузкі 20 тон золата. Кошт такой партыі — каля 840 мільёнаў даляраў, што складае прыкладна 20 адсоткаў залатога запасу Вэнэсуэлы, адзначае агенцтва.
Міністар фінансаў Вэнэсуэлы заявіў, што ніякіх расейскіх самалётаў у Каракас не прылятала. Ён адмовіўся камэнтаваць пляны з золатам.
У панядзелак пасажырскі самалёт расейкай чартэрнай авіякампаніі Nordwind вылецеў у Каракас. У аэракампаніі «Новай газэце» пацьвердзілі, што на борце самалёта не было пасажыраў. Самалёт прызямліўся ў Каракасе. І, паводле дадзеных Flightradar, больш не ўзьлятаў (дадзеныя аб палёце маглі быць схаваныя ад сэрвісу або выдаленыя зь яго пазьней). У аўторак яго сфатаграфавалі ў аэрапорце Сымона Балівара ў Каракасе.