За пяць гадоў ва Ўкраіне на 40% зьнізіліся цэны на лекі. Тлумачым чаму

Выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Ўкраіны Ўльяна Супрун.

На працягу пяці апошніх гадоў ва Ўкраіне на 40% зьнізіліся цэны на мэдыцынскія прэпараты, вырабленыя ва Ўкраіне ці прывезеныя дыстрыб’ютарамі. Пра гэта паведаміла ў эксклюзіўным інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Ўкраіны Ўльяна Супрун.

Паводле яе, гэта адбылося таму, што дзяржаўныя закупкі лекаў перадалі міжнародным арганізацыям.

«Яшчэ ў 2015 годзе мы перадалі дзяржаўныя закупкі міжнародным арганізацыям. Гэта 5 або 6 мільярдаў грыўняў штогод, якія ўжо не ідуць праз іх (так званай "фармацэўтычнай мафіі" — рэд.) кішэні. СБУ, Падліковая палата і нашы разьлікі паказваюць, што на 40% зьнізіліся цэны з 2014 году да 2018 году. Гэта вельмі шмат сродкаў, якія ўжо не ідуць праз дыстрыбʼютараў і "фарммафію", якая была калісьці ва Ўкраіне», — адзначыла Супрун.

Раней ва ўкраінскім «Цэнтры процідзеяньня карупцыі» заявілі, што больш за 80% прэпаратаў для анкахворых дарослых і дзяцей ва Ўкраіне сёньня закупляюць таньней, чым у 2014 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 абяцаньняў Жарко на пасадзе міністра аховы здароўя. І што з гэтага выйшла

Па словах актывістаў арганізацыі, гэтага ўдалося дасягнуць за кошт уключэньня ў працэс закупак міжнародных арганізацый, якія працуюць наўпрост з вытворцамі, а не з пасярэднікамі. Яны будуць купляць лекі яшчэ год, а потым перададуць закупкі новастворанаму ўкраінскаму агенцтву.

Поўную вэрсію інтэрвію з Ульянай Супрун чытайце на сайце ўкраінскай службы Радыё Свабода.