Прысуды па першых працэсах «справы мэдыкаў» могуць быць агучаныя ўжо на наступным тыдні.
Першыя затрыманьні ў «справе мэдыкаў» адбыліся на пачатку чэрвеня 2018 году. Суды пачаліся адразу пасьля навагодніх сьвятаў — 11 студзеня. На дадзены момант у Менску ідуць па «справе мэдыкаў» чатыры працэсы, у тым ліку — над былым намесьнікам міністра Ігарам Ласіцкім. 25 студзеня пра «справу мэдыкаў» выказаўся Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Судзяць галоўнага патолягаанатама Менску, які браў хабар і трымаў яго ў лядоўні«Дараваньня лекарам ня будзе»
«Гэта ня справа, калі на сьвятым людзі набіваюць кішэні, закупляючы невядома як лекавыя прэпараты, павялічваючы на чвэрць або на траціну іх кошт, — заявіў кіраўнік краіны. — І мэдычнае абсталяваньне. Прабачэньня лекарам тут ня будзе. Забудзьцеся пра сваю карпаратыўнасьць. Я ня той прэзыдэнт, які будзе кланяцца вам, таму што вы лекары, і закрываць вочы на тыя агіднасьці, якія дзеюцца ў ахове здароўя».
Бліжэй за ўсё да завяршэньня справа галоўурача Цэнтру мэдычнай рэабілітацыі і бальнэалячэньня Сяргея Карыцькі. У працэсе ўжо выступіў пракурор з прапановай пакараць Карыцьку 2,5 гадамі «хатняй хіміі». Гэта не супярэчыць заканадаўству. Абвінавачваюць Карыцьку ў аднаразовым атрыманьні хабару памерам 2 тысячы даляраў. Злачынства кваліфікаванае па частцы 2 артыкула 430, які дапускае пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.
Сяргей Карыцька
Іншым фігурантам унікнуць пазбаўленьня волі будзе складаней. Ва ўсіх як мінімум частка 3 артыкула 430 — неаднаразовае атрыманьне хабару, альбо атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры. Мінімальнае пакараньне — ад 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць кіраўнічыя пасады. Максымальнае — 15 гадоў. Праўда, канчатковае слова застаецца за судом. Згодна з прынятымі ў Беларусі нормамі судзьдзя мае права адысьці ад прапісаных у Крымінальным кодэксе тэрмінаў і прызначыць іншае пакараньне, нават калі прызнае віну абвінавачаных цалкам даказанай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Бралі ад 300 рублёў да 15 тысяч эўра. У Менску за хабар судзяць былога намесьніка міністра«Хаваецца недзе ў Прыбалтыцы»
Ігар Ласіцкі ў залі суду
Адзін з асноўных фігурантаў «справы мэдыкаў» (і самы высокапастаўлены) — намесьнік міністра Ігар Ласіцкі. Яшчэ адным абвінавачаным па яго працэсе праходзіць былы галоўурач 12-й стаматалягічнай паліклінікі Менску Ўладзімер Краўчонак. У Ласіцкага чатыры эпізоды атрыманьня хабару, у Краўчонка — каля дзесяці. Сьведкамі заяўленыя каля 50 чалавек. У асноўным гэта сябры камісій, якія вызначалі пераможцаў у тэндэрах, былыя супрацоўнікі, дырэктары прыватных фірмаў, разнастайныя мэнэджэры і бухгальтары. Пры гэтым на допыт у залю суду прыйшлі ня ўсе ключавыя сьведкі. Некаторыя дагэтуль хаваюцца ад сьледзтва.
«Сьледчыя называлі яго „зялёнкай“ паміж сабой, я дакладна ня ведаю, як правільна ягонае прозьвішча гучыць, — расказваў на працэсе пра аднаго з ключавых сьведак Ігар Ласіцкі. — Бачыў я яго два ці тры разы ўсяго. У КДБ мне сказалі, што ён недзе ў Прыбалтыцы хаваецца».
Згодна з матэрыяламі справы, Ігар Ласіцкі атрымаў ад чалавека з прозьвішчам Зелянко 20 тысяч даляраў. Сумы па 10 тысяч Зелянко прывозіў Ласіцкаму сам, аднойчы нават прывёз грошы ў Берасьце. Пры гэтым абвінавачаны так і ня змог патлумачыць у судзе, за што бізнэсовец Зелянко даваў яму хабар.
«Сустрэліся на стаянцы, я сеў да яго ў машыну, — казаў Ігар Ласіцкі. — Ён перадаў мне канвэрт. Сказаў, што гэта на будучае супрацоўніцтва... Наступны раз Зелянко пазваніў мне, калі я быў у Берасьці на бальнічным. Прыехаў туды зь Менску. Перадаў мне канвэрт, сказаў, што гэта на рэабілітацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Па хабар езьдзіў у Менск». Пачаўся суд над кіраўніком аховы здароўя ГорадзеншчыныЛасіцкі катэгарычна адмаўляе, што спрыяў Зелянко ў вырашэньні пытаньняў з пастаўкамі тэхнікі. Паводле былога намесьніка міністра, фірма гэтага прадпрымальніка ўдзельнічала ў тэндэрах нароўні зь іншымі. Апытаць самога Зелянко ў судзе немагчыма. Яго паказаньняў няма і ў матэрыялах справы.
Не зьявіўся на працэс і яшчэ адзін асноўны фігурант справы Ласіцкага — Міхаіл Гофман. Паводле матэрыялаў справы, у 2015 годзе Гофман перадаў Ласіцкаму 1500 даляраў, спадзеючыся атрымаць дазвол на аказаньне аднаму са шпіталяў Менску спонсарскай дапамогі ў выглядзе бясплатнага абсталяваньня (пазьней кампанія Гофмана магла б прадаваць шпіталю неабходныя для гэтага абсталяваньня кампанэнты і рэагенты). Прыкладна за год да арыштаў па «справе мэдыкаў» Гофман зьехаў у ЗША і ў сьледчых дзеяньнях удзелу не прымаў.
«Супраць бацькі сьведчыць ня буду»
Сьведкі зьявіліся ў судзе фактычна толькі па адным эпізодзе атрыманьня хабару былым намесьнікам міністра. А менавіта — калі Ласіцкаму перадаў 2000 даляраў іншы абвінавачаны па ягонай справе, Уладзімер Краўчонак.
Паводле вэрсіі сьледзтва, Краўчонак хацеў паспрыяць бізнэсу дачкі — Алесі Рагажынскай, якая займаецца пастаўкамі ў Беларусь зубных імплянтаў замежнай вытворчасьці. Яе кампанія «Дэнтал Салюшнс» сутыкнулася са складанасьцямі пры рэгістрацыі новых імплянтаў. Жадаючы дапамагчы дачцэ і нічога ёй ня кажучы, Краўчонак дамовіўся на сустрэчу з Ласіцкім, якога знаў з унівэрсытэцкіх часоў. Падчас сустрэчы паведаміў яму, што хацеў бы дамагчыся правядзеньня дасьледаваньняў імплянтаў кампаніі «Дэнтал Салюшнс» у сваёй 12-й паліклініцы. І перадаў пакет з пляшкай алькаголю і канвэртам, у які папярэдне паклаў 2000 даляраў.
Уладзімер Краўчонак
«Я ня мог падумаць, што ён мне яшчэ і грошы пакладзе туды, — тлумачыў на судзе сам Ласіцкі. — Канвэрт знайшоў толькі дома. Моцна раззлаваўся на Краўчонка. Але падумаў, што калі ён мне грошы паклаў, то хай яму будзе такое пакараньне — забяру іх сабе. Я нават ня ведаў, што яго дачка працуе ў гэтай фірме. Думаў, ён хоча клінічныя дасьледаваньні імплянтаў правесьці ў сваёй паліклініцы, бо за гэтыя дасьледаваньні вытворца плаціць, можна зарабіць грошы. На маю думку, дасьледаваньні гэтых імплянтаў увогуле былі непатрэбныя, мы б іх і так дазволілі прадаваць. Я Краўчонку і бяз грошай дапамог бы. Сто пудоў бы дапамог».
Спраўдзіць агучаныя Краўчонкам і Ласіцкім вэрсіі аказалася складана. Выкліканая ў якасьці сьведкі дачка Ўладзімера Краўчонка Алеся зьявілася на паседжаньне 24 студзеня. Аднак паказаньняў даваць ня стала.
«Я скарыстаюся сваім правам ня сьведчыць супраць сябе, — заявіла яна суду. — Супраць бацькі сьведчыць таксама ня буду».
Пасьля Алесі Рагажынскай паказаньні давала Ірына Мяцельская — мэнэджэрка «Дэнтал Салюшнс». Яна ад размовы з судом адмовіцца не магла, аднак сказала зусім няшмат. Прызналася толькі, што ведала пра роднасную сувязь сваёй начальніцы з галоўным урачом 12-й стаматалягічнай паліклінікі. Якім чынам імплянты яе кампаніі траплялі на выпрабаваньні ў паліклініку Краўчонка, мэнэджарка патлумачыць не змагла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Справа мэдыкаў». У Менску будуць судзіць намесьніка міністра. Асноўнае пра працэсНа працэсе па справе Ласіцкага і Краўчонка ўжо скончылі вывучэньне матэрыялаў справы. Сярод апошніх дакумэнтаў судзьдзя зачытаў тэксты ганаровых грамат, атрыманых Ігарам Ласіцкім за гады працы ў мэдыцыне. Гэта заняло каля 12 хвілінаў.
Разгляд справы былога намесьніка міністра працягнецца 28 студзеня. Пасьля допыту апошніх сьведак пракурор агучыць меру пакараньня, якога, на думку дзяржаўнага абвінавачваньня, заслугоўвае Ігар Ласіцкі.