«За бездакорную службу». Нясьвіскага міліцыянта, у чыёй машыне нібыта павесіўся затрыманы, павысілі ў званьні

Ілюстрацыйнае фота

Участковы інспэктар Яўген Додзь атрымаў пагоны старшага лейтэнанта на мінулым тыдні.

Пра сьмерць затрыманага міліцыянтамі жыхара Нясьвіскага раёну стала вядома на пачатку сьнежня 2018 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нясьвіжы мужчына «ўчыніў самагубства» ў міліцэйскай машыне

Паводле папярэдняй вэрсіі, 48-гадовы Сяргей Абрамовіч павесіўся ў салёне міліцэйскага «ўазіка» на шнурку ад уласнага чаравіка. Іншых падрабязнасьцяў здарэньня міліцыя не раскрывае. Канчатковай афіцыйнай вэрсіі трагедыі дагэтуль няма. Праверкай займаецца Сьледчы камітэт, яе вынікі пакуль невядомыя. Родныя і землякі нябожчыка ў вэрсію з суіцыдам ня вераць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра мужчыны, які нібыта ўчыніў суіцыд у міліцэйскай машыне: «Яны вінаватыя, прыкрываюць сябе»

«Каб Шуневіч быў нармальным чалавекам, то навёў бы тут парадак»

Пра тое, што адзін з удзельнікаў затрыманьня Сяргея Абрамовіча атрымаў павышэньне ў званьні, Свабодзе расказала сястра нябожчыка Іна Русак. Яна спачатку пачула гэта ад знаёмых, пасьля прачытала ў раённай газэце «Нясьвіскія навіны».

Іна Русак

«Пра расьсьледаваньне мне нічога не гавораць, затое супрацоўніка, які брата забіраў, у званьні павысілі, — сказала Іна Русак. — Быў лейтэнантам, стаў старшым лейтэнантам. Вы ў машыну да нас заходзьце, а мы адзнакі будзем атрымліваць. У газэце раённай пра яго напісалі. Яўген Додзь, павышаны ў званьні. Мне ў РУУС расказвалі, што ў дачыненьні да гэтых міліцыянтаў вядзецца праверка. Вось якая праверка, ніякай праверкі няма».

Іна Русак дадае, што копію тэксту мэдэкспертызы цела брата ёй так і не далі. Дазволілі толькі часткова паглядзець заключэньне. Тое самае зь відэазапісам з салёну міліцэйскага аўтамабіля, у якім нібыта павесіўся яе брат. Як выявілася, запіс у матэрыялах справы ёсьць. Аднак паглядзець яго немагчыма.

Фота Сяргея Абрамовіча, якога 29 лістапада знайшлі мёртвым у міліцэйскай машыне

«Зараз пройдзе тры месяцы тэрміну, і нікога не пакараюць, — наракае Іна. — Скажуць, што брат усё сам. Ніхто адказнасьці не панясе. Людзі добрыя, заходзьце ў машыну, рабіце што хочаце, і за вас ніхто не нясе ніякай адказнасьці. Во нармальна, во сыстэма ў нас у міліцыі.

Настаўнікі ў школе за дзяцей адказваюць, а тут... Які начальнік, такія і падначаленыя. Там усё ўжо дамоўлена даўным-даўно, мне бессэнсоўна нешта даказваць. Нічога я не змагу даказаць.

Крыўдна, што ніхто не нясе адказнасьці. Вельмі шмат улады ў іх, на ўсё закрываюць вочы. Каб Шуневіч быў нармальным чалавекам, то ён бы тут (у Нясьвіжы. — РС) парадак навёў. А так простаму чалавеку зь міліцыяй цягацца бессэнсоўна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто ня верыць у гэта». Рэпартаж зь вёскі, дзе адбыўся загадкавы суіцыд у міліцэйскай машыне

«За бездакорную службу і высокія дасягненьні падчас выкананьня абавязкаў»

Нумар «Нясьвіскіх навінаў» з артыкулам пра павышэньне ў званьні ўчастковага інспэктара Яўгена Додзя выйшаў у мінулую пятніцу 18 студзеня. Копія артыкула дасяжная на сайце раёнкі.

У публікацыі гаворыцца, што ўчастковы атрымаў падвышэньне (раней Додзь быў проста лейтэнантам) на мерапрыемстве з нагоды падвядзеньня вынікаў апэратыўна-службовай дзейнасьці аддзелу ўнутраных спраў Нясьвіскага райвыканкаму за 2018 год. Прысутнічалі абласныя і мясцовыя чыноўнікі, а таксама нясьвіскі пракурор Аляксандар Алісевіч і старшыня суду Нясьвіскага раёну Алег Лагачоў.

Акрамя Яўгена Додзя, падвышэньне ў званьні і адзнакі атрымалі яшчэ каля дзесяці супрацоўнікаў нясьвіскай міліцыі. «За бездакорную службу і высокія дасягненьні падчас выкананьня службовых абавязкаў», — гаворыцца ў паведамленьні. Іншы ўдзельнік затрыманьня Сяргея Абрамовіча (яго імя ёсьць у рэдакцыі Свабоды, Абрамовіча затрымлівалі двое супрацоўнікаў) сярод адзначаных міліцыянтаў не названы.

«Я нічога ня буду камэнтаваць»

Сам Яўген Додзь у размове са Свабодай адмовіўся камэнтаваць акалічнасьці сьмерці затрыманага і сваё павышэньне ў званьні.

«Не магу камэнтаваць нічога, што мае дачыненьне да нясеньня службы, — сказаў Додзь у тэлефоннай размове. — Зьвяртайцеся да кіраўніцтва. Я ня буду камэнтаваць выпадак з Абрамовічам. Таксама ня буду камэнтаваць атрыманьне званьня старшага лейтэнанта».

Кіраўнік Нясьвіскага РУУС Андрэй Петручэня камэнтаваць справу аб гібелі Сяргея Абрамовіча таксама адмовіўся.