У Гомлі завялі крымінальную справу за крадзеж прадуктаў, прызначаных для школьных сталовых

Гомельскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту завёў крымінальную справу па фактах крадзяжу харчоў работнікамі КУП «Гомельскі гарадзкі камбінат школьнага харчаваньня».

Як паведамляе Сьледчы камітэт, затрымалі 11 чалавек, у тым ліку загадчыцу складу камбінату школьнага харчаваньня, кладаўшчыка, таваразнаўцу, загадчыкаў вытворчасьцю ўстановаў адукацыі Гомля. Іх падазраюць у прысваеньні вялікай колькасьці прадуктаў, «накіраваных» у школы, у папярэдняй змове з індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Цяпер сьледзтва высьвятляе, колькі ўсяго прадуктаў было скрадзена.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што цягнуць кухары зь дзіцячых сталовак? Усё

Крымінальную справу завялі паводле ч. 2 арт. 210 Крымінальнага кодэксу Беларусі (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, учынены групай асобаў у папярэдняй змове). Вырашаецца пытаньне аб меры стрыманьня для затрыманых.

Накладзены арышт на дарагі аўтамабіль беспрацоўнай дачкі загадчыцы складу, як паведаміла афіцыйная прадстаўніца УСК па Гомельскай вобласьці Марыя Крываногава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталоўкі ў менскіх школах возьмуць пад відэакантроль