Штогадовую прамову Трампа прапануюць адкласьці, бо апасаюцца за ягоную бясьпеку

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі

Зварот «Аб становішчы краіны», зь якім перад Кангрэсам штогод выступае прэзыдэнт Злучаных Штатаў, можа быць адкладзены на больш позьні тэрмін. З такой ініцыятывай выступіла сьпікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі, якая адправіла ліст з гэтай нагоды прэзыдэнту Дональду Трампу. Копія звароту апублікаваная на афіцыйным сайце сьпікера.

Пэлосі тлумачыць адтэрміноўку звароту бюджэтным крызысам, які працягваецца ў ЗША ад канца леташняга году. У лісьце падкрэсьліваецца, што служба, якая адказвае за ахову Дональда Трампа, не атрымоўвала фінансаваньня ад 22 сьнежня, калі праца ўраду ЗША была прыпыненая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрыцьцё ўраду запавольвае рост эканомікі ЗША, 40% амэрыканцаў адчулі на сабе наступствы

Празь недахоп сродкаў, на думку сьпікера ад Дэмакратычнай партыі, немагчыма гарантаваць бясьпеку прэзыдэнта падчас яго выступу перад Кангрэсам.

У сувязі з гэтым, Пэлосі прапанавала Трампу адкласьці зварот да таго часу, калі ўлады ЗША ўзгодняць бюджэт, альбо даць Кангрэсу тэкст звароту ў пісьмовым выглядзе. Выступ прэзыдэнта «Аб становішчы краіны» заплянаваны на 29 студзеня. З такой прамовай прэзыдэнты ЗША зьвяртаюцца штогод ад пачатку дваццатага стагодзьдзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп замовіў у Белы дом 300 гамбургераў і сам заплаціў за іх

«Шатдаўн» амэрыканскага ўраду працягваецца ад 22 сьнежня 2018 году. Праз адсутнасьць згоды паміж Дональдам Трампам і Дэмакратычнай партыяй, якая мае большасьць галасоў у Палаце прадстаўнікоў, спыненае фінансаваньне фэдэральным агенцтвам ЗША. Прэзыдэнт ЗША адмаўляецца прыняць бюджэт, пакуль дэмакраты не пагодзяцца выдзеліць сродкі на будаўніцтва сьцяны ля межаў ЗША зь Мэксыкай.

11 студзеня больш як 800 тысяч фэдэральных работнікаў не атрымалі заробкі, якія ім павінны былі выплаціць у той дзень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апанэнтка Буша і Трампа, трэці чалавек у ЗША. Чым знакамітая Нэнсі Пэлосі