Памёр мэр Гданьску, на якога ўчора напалі з нажом

Павал Адамовіч

Прадстаўнік шпіталю ў Гданьску, куды ўчора ўвечары трапіў мэр гораду, паведаміў, што Павал Адамовіч памёр. Пра гэта журналістам распавёў хірург Томаш Стэфаняк​.

Як сказаў раней Томаш Стэфаняк, Павал Адамовіч перанёс апэрацыю пасьля нападу 13 студзеня, якая працягвалачя 5 гадзінаў. Мэр атрымаў сур’ёзныя раненьні сэрца, дыяфрагмы і ўнутраных органаў.​

Стан Адамовіча ацэньвалі як «вельмі цяжкі». Пасьля апэрацыі ён знаходзіўся ў фармакалягічнай коме.

Напад адбыўся падчас фіналу штогадовай дабрачыннай акцыі «Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі». На сцэну, дзе адбывалася дзея, забег мужчына і ўдарыў палітыка нажом. Пасьля гэтага нападніка затрымалі.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спрыяў беларускай мове і аб’езьдзіў усю Беларусь. 8 фактаў пра мэра Гданьску, якога атакавалі з нажом

Нападнік прарваўся на сцэну і нанёс мэру ня менш двух удараў нажом у вобласьць сэрца. Ён быў затрыманы на месцы, але пасьпеў крыкнуць у мікрафон, што раней быў несправядліва пасаджаны ў турму па віне апазыцыйнай партыі "Грамадзянская плятформа", чальцом якой быў Адамовіч.

Момант нападу

Па дадзеных прэсы, нападнік быў раней асуджаны за ўзброеныя напады на банкі. Паведамляецца таксама, што ў яго ёсьць праблемы з псыхікай.

Адамовіч узначальваў Гданьск ужо 20 гадоў. Ён вядомы дзяяч апазыцыі.

Спачуваньні з нагоды сьмерці палітыка выказаў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

«Ня стала пана прэзыднта Паўла Адамовіча. Смуткуем і молімся разам з сям’ёю, сябрамі і ўсімі людзьмі добрай волі. Прашу Пана Бога падтрымаць сям’ю памерлага. Варожасьць і насільлепрынесла плён і боль. Нам нельга з гэтым зьмірыцца».

У Гданьску і шэрагу іншых гарадоў Польшчы ў панядзелак увечары пройдуць вулічныя акцыі супраць гвалту.