Ізноў ня Менск. ЗША выбралі іншы горад для саміту па бясьпецы на Блізкім Усходзе

Варшава

Злучаныя штаты Амэрыкі плянуюць арганізаваць у Польшчы міжнародную канфэрэнцыю наконт сытуацыі на Блізкім Усходзе. Пра гэта заявіў амэрыканскі дзяржсакратар Майк Пампэа.


Палітык анансаваў сустрэчу ў размове з амэрыканскім тэлеканалам Fox News. Як вынікае са словаў Пампэа, канфэрэнцыя мае адбыцца ў Польшчы 13-14 лютага.

Удзельнікі сустрэчы, на думку дзяржсакратара ЗША, павінны заняцца тэмай «стабільнасьці, міру, свабоды і бясьпекі ў рэгіёне Блізкага Ўсходу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь рэклямуе «Хэльсінкі-2» дзе толькі можна

Афіцыйны Менск неаднаразова заяўляў, што гатовы прыняць ролю пляцоўкі па ўрэгуляваньні міжнародных канфліктаў. Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў Беларусь у якасьці месца сустрэчы Папы рымскага і маскоўскага патрыярха, а таксама як месца сустрэчы па вырашэньні канфлікту паміж Захадам і Расеяй. Але ніводная з гэтых ініцыятываў не атрымала разьвіцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму «Менскі дыялёг» ня даў старту глябальнай міратворчай ініцыятыве ўладаў Беларусі

Ад форуму «Менскі дыялёг», які праходзіў у беларускай сталіцы 23–25 траўня мінулага году, чакалі абвяшчэньня вялікай міжнароднай ініцыятывы «Хэльсынкі-2». Гэтыя два словы гучалі на форуме ўсе тры дні, імі карыстаўся кіраўнік Беларусі. Аднак афіцыйнага старту новай ініцыятывы так і не адбылося.