Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра новую ініцыятыву Беларусі ў ААН: гэта не выпадковасьць, існуе пэўная стратэгія


Андрэй Ягораў

Як паведамілі ў замежнапалітычным ведамстве, кіраўнік беларускай дэлегацыі на 72-й сэсіі Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў у Нью-Ёрку, што Менск плянуе правесьці рэгіянальную канфэрэнцыю для нацыянальных каардынатараў ПРААН з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, а таксама СНД. Мяркуецца запрасіць Адміністратара ПРААН Ахіма Штайнэра.

Канфэрэнцыя адбудзецца ў беларускай сталіцы на пачатку 2018 году. У папярэднім парадку дня — абмен досьведам рэалізацыі мэтаў устойлівага разьвіцьця.

«Ініцыятывы Міністэрства замежных спраў, скіраваныя на правядзеньне ў Менску сымбалічных мерапрыемстваў, дыктуюцца неабходнасьцю атрымаць большае міжнароднае прызнаньне», — лічыць дырэктар менскага Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

«Атрымаць яго іншымі спосабамі не выпадае. Ну не хапае ў нас рэальнага палітычнага і эканамічнага ўплыву, няма значных дасягненьняў. Таму шукаюць сымбалічных шляхоў. Гэта добра атрымалася зь менскай пляцоўкай па Ўкраіне. Дзякуючы ёй, у беларускіх уладаў істотна зьмяніўся міжнародны імідж. А цяпер працяг. І гэта ня проста новы крок. Тут ужо выразна бачыцца стратэгія. Хочацца праводзіць у Менску як мага больш знакавых сустрэчаў. У стратэгію ўпісваюцца розныя мерапрыемствы — ад спартовых да палітычных.

Пакуль ёсьць час адноснага паляпшэньня стасункаў з Захадам, улады сьпяшаюцца ім скарыстацца. Адсюль і бясконцыя заявы пра ролю Беларусі як нэўтральнай краіны, найлепшага пасярэдніка ў любых міжнародных канфліктах і г.д. А вяршыняй усяго, як заяўляў Аляксандар Лукашэнка, можа стаць ператварэньне Менску ў аналяг Хэльсынскага пагадненьня, так званыя «Хэльсынкі-2», — адзначыў палітоляг Андрэй Ягораў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG