Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры прыярытэты Менску ў ААН: каманда Макея вылецела ў Нью-Ёрк


Уладзімер Макей

Дэлегацыя Беларусі на чале зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем сёньня накіравалася на Генэральную асамблею Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў у Нью-Ёрку. Хоць 72-я сэсія адкрылася 12 верасьня, агульныя дыскусіі з трыбуны ААН пачынаюцца 19 верасьня.

Паводле прэсавага сакратара МЗС Дзьмітрыя Мірончыка, дэлегацыя мае тры прыярытэтныя пытаньні.

«Па-першае, Беларусь сёлета мае намер актыўна прасоўваць у ААН новыя зьнешнепалітычныя ініцыятывы кіраўніка дзяржавы. Найперш, ініцыятыву новага глябальнага працэсу мірабудаўніцтва, аналягічнага Хэльсынскаму працэсу 1970-х гадоў, з мэтай дасягненьня справядлівага і лепшага сусьветнага парадку, а таксама „інтэграцыі інтэграцый“», — кажа Мірончык.

Па-другое, афіцыйны Менск плянуе прадставіць у ААН дзьве рэзалюцыі: адна зь іх прысьвечаная тэме забароны распрацоўкі новых відаў зброі масавага зьнішчэньня, другая — традыцыйнай для Беларусі тэме ўмацаваньня каардынацыі намаганьняў у барацьбе з гандлем людзьмі.

«Па-трэцяе, высокі прадстаўнік Беларусі выступіць на нарадзе высокага роўню Генэральнай Асамблеі ААН па ажыцьцяўленьні Глябальнага пляну дзеяньняў Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў па барацьбе з гандлем людзьмі», — сказаў Свабодзе прэс-сакратар МЗС.

Беларусь агучыць ініцыятыву пра «Хэльсынкі-2» з трыбуны ААН

Дзень прафэсійнага перакладу

Упершыню за ўсю гісторыю ААН у ёй будзе адзначацца Дзень прафэсійнага перакладу. Гэта сьвята прызначанае на 28 верасьня. Яно заснаванае з ініцыятывы Беларусі. Беларуская дэлегацыя сумесна з партнэрамі арганізуе адмысловае мерапрыемства з гэтай нагоды.

Шматвэктарнасьць Макея

У Нью-Ёрку Ўладзімер Макей возьме ўдзел у сустрэчах міністраў замежных спраў: краін — сябраў Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы (ЦЭІ) і краін — сябраў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Таксама заплянаваны ўдзел міністра ў пасяджэньні Рады бясьпекі ААН па пытаньнях рэфармаваньня міратворчых апэрацый, у сустрэчы міністраў замежных спраў дзяржаў — удзельніц Руху недалучэньня, глябальным бізнэс-форуме Блумбэрга і іншых мерапрыемствах.

Апроч таго, кіраўнік беларускай дэлегацыі правядзе шэраг сустрэч з кіраўніцтвам ААН, а таксама з кіраўнікамі дэлегацый дзяржаў — сябраў Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG